Праект “Устойлівае развіццё” ўключае ў сябе тэмы экалагічных і энэргазберагальных тэхналогій, захоўванне навакольнага асяроддзя. У кожную каманду з трох краін увойдзе па восем дзяцей і падлеткаў, таксама па два лідэры – дарослыя выхавальнікі. Беларускую каманду складуць удзельнікі праекта з усіх рэгіёнаў краіны.

Дырэктар філіяла адукацыйных і турыстычных паслуг “Надзея-тур” беларуска-германскага сумеснага дабрачыннага прадпрыемства “Надзея-ХХІ стагоддзе” Галіна Войтус расказала ў інтэрв’ю “РГ”, што фінансуе праект нямецкі фонд “Меркатор”.

Грошы на правядзенне праекта выдзеленыя пры ўмове захоўвання трох патрабаванняў да яго правядзення: тэматыка “ўстойлівае развіццё” – абавязковая; удзельнічаць павінны тры краіны; удзельнікі – падлеткі і дзеці.

Працягласць праекта – тры гады. У Беларусі, на Вілейшчыне, сёлета пройдзе першая частка праекта. Другая частка ў наступным годзе будзе праходзіць у Германіі, Італія праз два гады прыме трэцюю, заключную частку акцыі. Кожная частка будзе мець сваю назву. Нашу, беларускую, назвалі “Natura-2009”. Праграма праекта будзе складацца з трох частак – абмен ведамі ў галіне ўстойлівага развіцця, працоўны кампанент і культурны абмен.

У адукацыйнай частцы праекта лідэры пазнаёмяць сваіх выхаванцаў з энэргазберагальнымі тэхналогіямі, практычнымі навыкамі эканоміі энэргарэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Пройдуць як лекцыйныя, так і практычныя заняткі.

Практычны кампанент – гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага цэнтра “Надзея”, які знаходзіцца на адлегласці 1 кіламетра 200 метраў ад палатачнага лагера. Удзельнікі выканаюць сельскагаспадарчыя і дробныя будаўнічыя работы.

У рамках культурнага абмену дзеці і падлеткі з трох краін пазнаёмяць адно аднаго з асаблівасцямі сваіх нацыянальных мастацкіх, музычных, кулінарных традыцый.

10 жніўня праект устойлівага развіцця “Natura-2009” закончыць сваю работу на беразе Вілейскага вадасховішча. Яго ўдзельнікі паедуць у Мінск, дзе правядуць яшчэ чатыры дні ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау. 14 жніўня беларускія, нямецкія і італьянскія дзеці і падлеткі раз’едуцца па дамах.

Сяргей ЗЯНЬКО.