Выступленне ў кубку Беларусі маладзечанцы пачалі паспяхова. У 1/32 фіналу 12 ліпеня ў Чысці нашы аказаліся мацнейшымі за каманду першай лігі светлагорскі «Хімік» — 3:1.
Падапечныя Аляксандра Пятровіча Гармазы і Віталя Пятровіча Казяка парадавалі сваіх трэнераў. У нядзелю, 12 ліпеня, праваслаўныя вернікі адзначалі Пятра і Паўла. І абодва Пятровічы ў якасці падарунка атрымалі ад сваіх футбалістаў перамогу над сапернікам, які нядрэнна выступае ў дывізіёне, рангам вышэйшым за наш.

Тое, што «Хімік» ад стартавага свістка пачаў браць ініцыятыву ў свае рукі, здавалася цалкам лагічным: усё ж каманда — моцны серадняк першай лігі, які ў апошнім туры ў гасцях адолеў лідэра гэтай лігі пінскую «Хвалю». І на пачатку гульні з «Маладзечнам» светлагорцы больш валодалі мячом, але не сказаць, каб перавага была вельмі ўжо пераканаўчая.

Першы званочак пра тое, што не будзе ў Чысці спакойнага жыцця, Светлагорск атрымаў ужо на шостай хвіліне. Ад левага вугла штрафной наш капітан Сяргей Дараховіч так зарадзіў у перакладзіну, што тая ў прамым сэнсе зазвінела. Небяспечнай атакай госці адказалі на 17 хвіліне. Светлагорскі футбаліст выходзіў сам-насам з варатаром Канстанцінам Сашчанкам. Косця не прамарудзіў, выйшаў з варот і забраў мяч у нагах саперніка.

На 23 хвіліне Сяргей Космач ледзь-ледзь не паспеў адгукнуцца на перадачу справа ад Віталя Макрыцкага. Цяпер ужо светлагорскі галкіпер забраў мяч у нагах нашага нападаючага. Праз хвіліну Сашчанка зноў выручае каманду, у прыгожым скачку пераводзячы прадмет гульні на вуглавы. На 28 хвіліне нападаючы Аляксандр Грыхуцік на подступах да штрафной пракідвае мяч сабе на ход. Абаронца гуляе рукой, але свісток суддзі маўчыць.

Праз дзве хвіліны светлагорская перакладзіна другі раз адчула на сабе моц маладзечанскіх удараў. На гэты раз з цэнтра штрафной на трываласць яе праверыў Космач. Той жа Космач на 37 хвіліне заваждаліся ў штрафной праціўніка, перакладаючы сабе мяч пад правую нагу, прамарудзіў і прабіць не паспеў.

Не забіваеш ты — забіваюць табе. На 41 хвіліне Сашчанка не дастаў мяч, які пасля ўдару справа ляцеў у правы ж ад Косці вугал — 0:1. На перапынак мы пайшлі з дзвюма перакладзінамі ў актыве і прапушчаным голам ў пасіве. Як кажуць у футболе, «ледзь-ледзь» не лічыцца…

Другую палову гульні нашы пачалі так, быццам бы і не было прапушчанага гола. Толькі ў самым пачатку нас зноў выручыў Сашчанка, які перавёў мяч у скачку на вуглавы. А на 51 хвіліне ўздоўж варот небяспечна прастрэльваў Дараховіч. Як Космач не здолеў замкнуць прастрэл на пустой далёкай штанзе, падобна, засталося загадкай для самога Сяргея.

Праз сем хвілін капітан сам вырашаў сітуацыю. Прабіў з цэнтра ад лініі штрафной. На шляху мяча зноў апынулася рука абаронцы. Арбітр на «кропку» не паставіў…

Пачатак канца Светлагорска адбыўся на 60 хвіліне. Дараховіч справа падаў вуглавы, а Грыхуцік у штрафной так перапужаў абаронцаў, што ад аднаго з іх мяч заляцеў у сетку. Аўтагол — 1:1.

Пасля таго, як раўнавага была адноўленая, Гармаза з Казяком памянялі нападаючых. Замест Грыхуціка і Космача выйшлі Сяргей Корсак і Вадзім Ціткоў. У пары небяспечных момантаў Корсак згуляў не лепшым чынам. З лаўкі запасных адразу пайшоў строгі загад галоўнага трэнера: «Сяргей! Збярыся!». І Сяргей сабраўся. На 78 хвіліне гульні пасля флангавай верхавой падачы нападаючы аказаўся першым на мячы і галавой закалаціў яго ў сетку — 2:1.

Госці, натуральна, кінуліся адыгрывацца. І на 81 хвіліне іх нападаючы метраў з чатырох біў галавой, здавалася б, ужо ў пустыя вароты. Як там выкруціўся Сашчанка, цяжка зразумець, але праз імгненне мяч быў у руках нашага галкіпера. Удзячнасць фанатаў не прымусіла сябе доўга чакаць. Фаны дружна пачалі скандзіраваць: «Са-ва — му-жык! Са-ва — му-жык!»

Нервовае напружанне мы знялі на 87 хвіліне. Макрыцкі невядома ў які ўжо раз небяспечна прастрэліў справа. Мяч знайшоў у штрафной Дараховіча. Капітан ударыў, варатар выручыў, але абаронцы не выручылі свайго галкіпера, паклаўшы на газон у штрафной Корсака. Сяргей сам і рэалізаваў пенальці, моцна прабіўшы ў правы ніжні ад варатара вугал — 3:1. Мы — у 1/16 фіналу кубка Беларусі.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.