Дапамагае дзядзьку распавядаць навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Алена Стрэж, якая таксама добра знаёмая з загадкавымі і нябачнымі для чалавечага вока істотамі.

“Калі ты не будзеш класціся спаць, прыйдзе Валасень і будзе казытаць табе ў носе”, – страшыла маленькага Толю яго бабуля. Валасень – істота, характэрная для Вілейшчыны. У іншых рэгіёнах пра яго чутно не было. Гэта стварэнне зарослае доўгай чорнай поўсцю, з сяміпальцымі рукамі і доўгімі пазногцямі. Непаслухмяным дзецям Валасень казыча насы і драпае твар. Жанчынам і дзяўчатам ён кудлаціць валасы, хапае іх за грудзі.

Жывуць ў хаце таксама Злыдні. Маленькія, гарбатыя стварэнні, якія хаваюцца пад печчу. Па начах яны бадзяюцца па доме і шкодзяць. Падсыпаюць у кашу пясок, у малако падліваюць ваду, крадуць з-пад курэй яйкі. Лічыцца, што калі гаспадары раптам пачалі бяднець, не інакш, як у хаце завяліся Злыдні. Калі бабуля страшыла Толю Злыднямі, ён, як нікога не было ў хаце, шукаў іх пад печчу. Не знайшоў. Нічога дзіўнага, бо Злыдні, як і іншыя істоты, што насяляюць хату, нябачныя.

Кікімару яшчэ называюць Вешчыца. У адрозненне ад рускіх кікімар, што жывуць у балотах, беларуская жыве ў хаце. Яна ўтварылася ад дзяўчынак, якія памерлі ў маленькім узросце да хрышчэння. Кікімара – юная дзяўчына і з гадамі яна не сталее. Жыве на печы ці ў падпечку.

Калі гаспадыня-маці песціць сваё дзіця, Вешчыца цяжка ўздыхае. Яна зайздросціць, бо сама не зведала пяшчоты матулі.

Калі гаспадыня пакіне на ноч недаробленую справу – пражу ці недашыты ручнік, Кікімара так пераблытае ніткі і наробіць крывых швоў, што раніцай давядзецца патраціць шмат часу, каб выправіць гэтую шкоду.

Здараецца, Вешчыца набывае чалавечае аблічча, і тады яе можна ўбачыць. А калі хуценька ў валасах ёй выстрыгчы крыжык, Кікімара назаўсёды ў чалавечым абліччы і застанецца.

Дамавік – дух хаты. Тыя, хто бачыў яго, калі ён з’яўляўся ў чалавечым выглядзе, расказваюць, што Дамавік – тоўсты дзядзька, сярэдняга росту, з сівой шырокай барадой, лагодным тварам і вялікімі блакітнымі вачыма.

Сівыя валасы падаюць на лоб. Акрамя часткі твару вакол вачэй і носа, усё цела, далоні і ступні пакрытыя мяккай поўсцю. Яго месца ў хаце – кут за печчу. Але Дамавік знаходзіцца там не заўсёды. Ён можа залезці на гарышча, выйсці ў сені. Любіць знаходзіцца там, дзе гаспадары займаюцца справамі.

З усёй кампаніі Дамавік, бадай, галоўны персанаж.

Гаспадары яго вельмі шануюць. Прачынаецца Дамавік рана. Ідзе на падворак і пужае пеўня. Спалоханы певень пачынае кукарэкаць і будзіць гаспадароў на працу.

Калі гаспадары жывуць у згодзе паміж сабой і з Дамавіком, ён спрыяе дабрабыту ў сям’і. Не цураецца ніякай работы. Наччу накорміць скаціну, паднясе сена каню і карове. Але гаспадару трэба ведаць: калі ён купляе каня, конь павінны быць такой самай масці, як барада Дамавіка. Толькі тады Дамавік будзе даглядаць каня і карміць яго. Калі не – будзе ноччу катацца вярхом і блытаць грыву.

Дамавік дапамагае моцным і працавітым гаспадарам. Без яго парады не абыходзіцца будаўніцтва новага дома. Каб даведацца, ці ўдала выбранае месца для будаўніцтва, трэба пад чатыры камяні па перыметры падмурка пакласці на ноч жыта. Калі раніцай жыта з-пад камянёў не знікла, значыць, Дамавік ухваліў месца ўзвядзення новага дома.

Калі хата пабудаваная, трэба паклікаць у яе Дамавіка словамі: “Гаспадар, пойдзем з намі”. Але спачатку трэба разбурыць старую хату, каб Дамавік перайшоў у новую. Калі ў хаце свята – вяселле ці чый-небудзь дзень нараджэнная – абавязкова ўспамінаюць і частуюць Дамавіка, а таксама яго жонку Дамавуху (Дамаху).

Дамавуха – нізенькая тоўсценькая кабета сярэдніх гадоў, апранутая ў белую кашулю. На галаве ў яе намітка – старажытны беларускі жаночы галаўны ўбор.

Дамавуха падтрымлівае лад і парадак у хаце, глядзіць за дзецьмі. Вельмі не любіць неахайных і нядбайных гаспадынь. Любіць бульбу з малаком ці квасам. Па святах частуецца салам.

Калі сям’я збіраецца на вячэру, усе нябачныя істоты рассаджваюцца па сваіх месцах і ўважліва назіраюць, як гаспадары і іх дзеці вячэраюць.