Намеснік начальніка райаддзела міліцыі Андрэй Дударчык расказаў у інтэрв’ю «РГ»: паводле праведзенай праверкі, дзяўчынку выхоўвае бабуля ў вёсцы Багданава Куранецкага сельсавета. У Мільчу да маці, якая жыве з сужытнікам, дачка прыехала на канікулы.

Атрымаўшы зарплату, жанчына працуе даяркай у мясцовым сельгаскааператыве, яна 2 ліпеня на аўтобусе паехала ў вёску Хамянцы Куранецкага сельсавета. Сужытніка ў гэты час не было дома. Ён быццам бы з’ехаў у Мінск на заробкі. Такім чынам, 13-гадовая дзяўчынка засталася дома ў Мільчы адна без нагляду.

Па словах Андрэя Дударчыка, начавала яна дома. Днём на веласіпедзе ездзіла па вёсцы. Карміла госцю з Багданава суседка, маці яе сяброўкі. Дапамагалі з ежай іншыя суседзі. Гэта доўжылася на працягу дзевяці дзён, ад 2 да 10 ліпеня. Той ровар дзяўчынка пакідала ў розных месцах. Бачылі яго некалькі разоў каля гаражоў, а потым ён знік.

«А маці, як мы высветлілі, увесь гэты час у Хамянцах даволі актыўна адпачывала, — расказвае Андрэй Дударчык, — гуляла, піла гарэлку, пра дачку не ўспамінала».

Вярнуўшыся нарэшце дадому 10 ліпеня, жанчына заўважыла, што ровара няма. У міліцыю з заявай яна звярнулася праз тры дні, 13 ліпеня.

«Абурае ў гэтай гісторыі тое, што заяўніца больш клапоціцца пра зніклы веласіпед, а не думае, як без яе жыла дачка, што яна ела, дзе начавала, — адзначае намеснік начальніка райаддзела міліцыі. — Дзякуй, канешне, людзям, якія дапамагалі дзяўчынцы. Мяркую, суседзі ведалі, што яе маці можа сабе такое дазволіць, таму і не кінулі адну. Тое, што дзяўчынка жыве не з маці, а з бабуляй, таксама шмат аб чым гаворыць. Мы цяпер узялі гэтую сям’ю на кантроль, але ўсё ж было б лепш, каб жыхары Мільчы, заўважыўшы, што дзіця без нагляду, адразу б заявілі ў міліцыю. Ці мала што магло здарыцца?»

А што ж са зніклым роварам? «Знойдзецца ён. Нідзе не дзенецца, — кажа Андрэй Дударчык. — Ды і ці галоўнае ў гэтай гісторыі — веласіпед? Ці ў ім тут справа?..»

Сяргей ЗЯНЬКО.