У выніку дарожна-транспартнага здарэння, якое адбылося 13 ліпеня недалёка ад вёскі Снежкава, траўмы атрымала 54-гадовая жанчына, пасажырка аўтамабіля «Рэно-Лагуна».
Як расказаў нашаму выданню выканальнік абавязкаў начальніка аддзела дзяржаўтаінспекцыі райаддзела міліцыі Аляксей Альфер, на аўтадарозе Ушачы-Вілейка каля 18.40 вадзіцель аўтамабіля «Міцубісі Галант», які ехаў у бок райцэнтра, пры абгоне спадарожнай машыны выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з «Рэно Лагунай».

Ад сутыкнення, па сведчанні відавочцаў, абодва аўтамабілі выкінула з праезнай часткі. У аварыі пацярпела пасажырка «Рэно». З пераломам правай рукі яе адвезлі ў бальніцу. Міліцыя праводзіць праверку. Падрабязнасці здарэння і яго прычыны Аляксей Альфер каментаваць адмовіўся.

Паводле яго слоў, ідзе расследаванне, і падрабязнасці здарэння — не такая ўжо неабходная інфармацыя, якую можна агучваць на гэтым этапе.

Сяргей ЗЯНЬКО.