Родную і стрыечную сясцёр 2001 і 2002 гадоў нараджэння выратавала з палаючага дома 12-гадовая дзяўчынка ў ноч з 13 на 14 ліпеня ў вёсцы Такарэўшчына Алёхнавіцкага сельсавета.

Дзеці адпачывалі на дачы на канікулах, расказала у інтэрв’ю «РГ» інспектар групы прапаганды і навучання гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Марына Ермакова. Самай старэйшай з дзяўчынак — 12 гадоў. Яе маці была на рабоце ў сталіцы, бацька паклаў сваіх дачок і пляменніцу спаць, сказаўшы ім, што ноччу ад’едзе на гадзінку, каб завезці сябра ў Мінск.

…Трэск шыферу пачула суседка. Яна выйшла на вуліцу і ўбачыла ў цэнтры вёскі зарыва. Яшчэ не разумеючы, што там гарыць, жанчына пазваніла па 101. Выклік на пульт дзяжурнага паступіў у 3.43. Пажарныя выехалі на месца.

У гэты час старэйшая з сясцёр прачнулася. Як пасля расказвала дзяўчынка, сама не ведае, чаму. Убачыла, што пакой задымлены. Разбудзіла сясцёр. Шлях да выхаду з дому дзяўчынкам перагарадзіў агонь. Загарэліся ўваходныя дзверы. Старэйшая не разгубілася. Адкрыла акно і спачатку дапамагла вылезці з дома малодшым сястрычкам, потым выратавалася сама.

Калі дзеці былі ў бяспецы, прыехалі пажарныя, вярнуўся з Мінска бацька. Па словах Марыны Ермаковай, дзяўчынкі казалі, што адчуваюць сябе добра. Але пазней, калі прайшоў шок і яны зразумелі, што маглі загінуць, пачалі плакаць.

Не мог стрымаць слёз дзядуля дзяўчынак. Ён расказаў, што літаральна за пару дзён да здарэння ў доме знялі падвойныя вокны. Страшна ўявіць, што магло здарыцца, каб гэтага не зрабілі…

«Дом згарэў амаль да падмурка, — кажа Марына Ермакова, — папярэдняя прычына пажару — няспраўнасць электраправодкі на верандзе. Мне б вельмі хацелася чарговы раз папрасіць бацькоў: не пакідайце дзяцей дома адных нават на непрацяглы час. Калі не дзіцячае свавольства, то любая няшчасная выпадковасць можа стаць прычынай непапраўнай трагедыі».

Сяргей ЗЯНЬКО.