Міліцыя выявіла новыя факты злачынстваў былой дырэктаркі бабруйскага прыватнага прадпрыемства «Дысконт», якое ў 2006 годзе супрацоўнічала з радашкавіцкім прадпрыемствам «Белмастацкераміка». Тады бабруйчанка 1963 года нараджэння была абвінавачаная ў махлярстве.
Цяпер заснавальніца і дырэктар прадпрыемства «Дысконт» адбывае пакаранне ў выпраўленчай калоніі ў Гомелі. Пасля праведзенай праверкі па паведамленні службовых асоб адкрытага акцыянернага таварыства «Белмастацкераміка» выяўленыя новыя эпізоды махлярства.

Як паведаміў «РГ» начальнік дзяжурнай часці райаддзела міліцыі Ігар Шупенька, заснавальніца і дырэктар «Дысконта» 20 лютага 2006 года, злоўжываючы даверам службовых асоб радашкавіцкага прадпрыемства, па таварна-транспартных накладных і дагаворы пастаўкі атрымала прадукцыю «Белмастацкерамікі», за якую не разлічылася і разлічвацца не думала.

Радашкавіцкаму прадпрыемству была нанесеная шкода на агульную суму 5 мільёнаў 610 тысяч 630 рублёў. Да гэтага часу шкода не кампенсаваная.

У дадатак да пакарання, якое было вынесенае, за махлярства, здзейсненае паўторна, прадпрымальная бабруйчанка можа атрымаць выпраўленчыя работы тэрмінам да двух гадоў альбо абмежаванне ці пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.

Сяргей ЗЯНЬКО.