Ноч на 14 ліпеня ніяк не назавеш навагодняй, але, магчыма, што пажар у кватэры №2 дома №17 на Піянерскай вуліцы пачаўся з-за навагодняй гірлянды.

«Драўляны дом падзелены на дзве часткі, — расказаў у інтэрв’ю «РГ» старшы інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Раманоўскі, — пра пажар нам паведамілі ў 3.57. У той частцы дома, дзе адбылося ўзгаранне, жыве 30-гадовы раней судзімы мужчына. Я ўсё ж схіляюся да версіі, што ён, выпіўшы, проста неасцярожна пакурыў. Хаця суседзі кажуць, што кожную ноч мужчына запальвае дома навагоднюю гірлянду, падвешаную да столі. Вельмі яму гэта справа падабаецца».

Па словах Аляксандра Раманоўскага, агнём была пашкоджаная канапа, на якой спаў гаспадар, і столь, паклееная некалькімі слаямі шпалераў. Агонь вырваўся на дах, ён таксама падгарэў на плошчы 20 квадратных метраў. У сваіх тлумачэннях гаспадар, які атрымаў апёк рукі, адмаўляе, што яго кватэра магла загарэцца ад цыгарэты.

Што на самой справе стала прычынай начнога пажару на Піянерскай, цяпер высвятляе экспертыза, сказаў Аляксандр Раманоўскі.

Сяргей ЗЯНЬКО.