У Ларысы Пятрэнкі свая філасофія жыцця, і аснова яе — пераадоленне сябе і любоў да жыцця. Прычым перамога ў духоўным сэнсе цесна звязаная з фізічнай. Але да разумення гэтага Ларыса Фёдараўна прайшла немалы шлях.

Доўгі час пасля заканчэння інстытута яна працавала настаўніцай матэматыкі і чарчэння. Як сама кажа, работа была цікавая, але вельмі цяжкая. Справа ў тым, што Ларыса — прыхільніца нестандартнага, уласнага спосабу навучання, а таму ёй часта даводзілася выслухоўваць нараканні і заўвагі. Перажыванні, нервовыя зрывы прывялі ўрэшце да цяжкіх хвароб. А з імі і да інваліднасці 3-й групы.

Са школы прыйшлося звольніцца і шукаць новую работу. Уладкавалася на пасаду інжынера-канструктара і доўга, амаль чатыры гады, была ў дэпрэсіі. «Здавалася, што гэта ніколі не скончыцца, — успамінае Ларыса Пятрэнка, — не было ніякага жадання жыць… Выхад з цяжкай сітуацыі знайшоўся сам па сабе. Сын глядзеў футбол па тэлевізары, а ў перапынку паміж таймамі паказвалі перадачу «Калі хочаш быць здаровым», і я, праходзячы міма, выпадкова пачула цытату з выказвання старажытных грэкаў, якую запомніла на ўсё жыццё: «Калі хочаш быць здаровым — бегай, калі хочаш быць прыгожым — бегай, калі хочаш быць разумным — бегай». Як банальна гэта б ні гучала, але з гэтага моманту я вырашыла цалкам змяніць сваё жыццё і пачала раніцай бегаць. Тады мне было 43 гады. Калі першы раз прабегла каля 150 метраў, думала, што памру (смяецца). Кожны дзень я змагалася сама з сабой…»

І атрымалася дастаткова шмат: менш чым за два гады Ларыса пазбавілася ад лішняй вагі, прагнала хваробы, а да бегу прыбавіла яшчэ плаванне і абліванне вадой. Але самае важнае — ёй удалося знайсці і ўтрымаць унутраную гармонію і любоў да сябе, якая з кожнымі новымі перамогамі толькі павялічвалася. Плюс да ўсяго, жанчына вельмі шмат чытала, у многім ёй тады дапамаглі веды па філасофіі, якія атрымала на вячэрнім аддзяленні інстытута.

Праз сем гадоў заняткамі бегам Ларыса (ёй тады было 50 гадоў) прыняла ўдзел у 42-кіламетровым марафоне. А пасля ўдзельнічала яшчэ ў 18-і марафонах, у чатырох з якіх заняла 1-е месца ў адпаведнай узроставай катэгорыі.

Сёлета ёй споўнілася 70, але жанчына не збіраецца сядзець на месцы. Каб мець магчымасць афіцыйна стварыць гурток па настольным тэнісе (па ім яна мае 1-ы разрад) і каб здзейсніць іншыя мары, вучыцца ў Інстытуце па перападрыхтоўцы кадраў на факультэце фізічнай культуры. Будучая спецыяльнасць — метадыст-арганізатар аздараўленчай фізічнай культуры. Вучыцца яна не горш за хлопцаў і дзяўчат. «Я люблю вучыцца, даведвацца пра новае, а яшчэ больш люблю размаўляць з моладдзю. Мне ёсць чаму у іх павучыцца, а ім — у мяне», — кажа Ларыса Фёдараўна.

У свае гады яна ніколькі не лічыць сябе бабуляй, хоць мае шмат унукаў. Як сама кажа: «Адчуваю сябе год на 35…» Але самым галоўным дасягненнем з’яўляецца тое, што змагла сябе «перабудаваць», перамагчы страхі, няўпэўненасць і злосць.

Мне вельмі падабаецца выказванне: «Свет ёсць такі, якім ты яго бачыш». Так, калі думкі светлыя, дык і навокал усё таксама светлае. І наадварот. І сапраўды, калі ўдумацца, навошта шукаць тую самую птушку шчасця недзе, у абліччы розных людзей, калі ты сам можаш з’яўляцца гэтай птушкай?..

Алена КОЗІНА, студэнтка 3 курса Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва.