За забойства Іван сеў на 14 гадоў у выпраўленчую калонію ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прыгавор вынесла судовая калегія па крымінальных справах Гродзенскага абласнога суда. Ён уступіў у законную сілу. Калегія, згодна з законам «Аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», на адзін год вызваліла абвінавачанага ад прызначанага пакарання.

Акрамя гэтага, Івана Іванцэвіча ў калоніі будуць прымусова лячыць ад алкагалізму.

Паводле праведзенага следства, здарэнне адбылося днём 31 студзеня ў доме №26 на вуліцы Першамайскай ў Астраўцы, дзе жылі бацька з сынам. Ад раніцы яны выпівалі, потым пайшлі пілаваць і секчы дровы. Раптам паміж імі пачалася сварка. Іван узяўся за нож і нанёс бацьку не менш за дзевяць рэзаных раненняў шыі.

Падчас папярэдняга расследавання пракуратура Астравецкага раёна кваліфікавала злачынства як «забойства з асаблівай жорсткасцю». Таму справу разглядаў не раённы суд, а абласная судовая калегія. Аднак суддзі не пагадзіліся з кваліфікацыяй дзяржаўнага абвінаваўцы. Яны не знайшлі ў забойстве прыкмет асаблівай жорсткасці і перакваліфікавалі злачынства з «забойства з асаблівай жорсткасцю» ў проста «забойства».

Такое рашэнне дазволіла прыняць вынікі медыцынскай судовай экспертызы. Паводле экспертызы, з дзевяці ўдараў смяротным быў толькі адзін. Астатнія восем паверхневых раненняў — лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не сталі прычынай смерці.

Дапытаны ў судзе Іван Іванцэвіч вінаватым сябе прызнаў часткова. Ён патлумачыў: бацьку забіў, але, забіваць не хацеў, не хацеў таксама прычыняць яму асаблівыя пакуты. І ўвогуле дакладна не памятае ўсіх абставін здзейсненага ім злачынства, бо быў нецвярозы.

Згодна з вынікамі псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, абвінавачаны ў дзень забойства не пакутаваў на псіхічныя захворванні, не быў у стане афекта і мог кіраваць сваімі дзеяннямі.

Па меркаванні судовай калегіі, довады абвінавачанага пра яго хворы стан — усяго толькі жаданне зменшыць ступень сваёй віны. А тое, што Іван, які да гэтага двойчы лячыўся ад п’янства, падчас здзяйснення злачынства знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, абцяжарыла яго віну.

Аляксандр МАРЦІНЧЫК, пракурор Астравецкага раёна.
Сяргей ЗЯНЬКО.