Гульню, нягледзячы на гарачае надвор’е, нашы пачалі ва ўласцівай для сябе манеры: пастаянны кантроль мяча. Небяспечныя моманты пачалі ствараць ад самага пачатку матча. На сёмай хвіліне галавой мяч міма варот адправіў Вадзім Ціткоў. На 18 хвіліне Сяргей Корсак метраў з дваццаці прабіў крыху вышэй левай «дзевяткі». Праз хвіліну мяч прасвістаў побач са штангай варот «Аўтамабіліста».

Потым быў небяспечны ўдар са штрафнога. Гаспадароў выручыў варатар, адбіўшы мяч нагой. На 27 хвіліне з паўметра ўмудрыўся не забіць Корсак. Ён жа праз тры хвіліны чарговы раз не здолеў перайграць уздзенскага галкіпера. Гэта толькі няпоўны пералік момантаў, у якіх нашы маглі адкрыць лік, а, магчыма, падвоіць і патроіць яго. Але на перапынак каманды пайшлі з нулямі на табло.

«Адразу было зразумела: пры гарачым надвор’і, гуляючы першым нумарам, пажадана як мага хутчэй сваю перавагу ўвасобіць у забітыя галы, — сказаў у інтэрв’ю «РГ» трэнер «Беразінскага» Віталь Казяк. — Мы не здолелі гэтага зрабіць, а пастаянна валодаць мячом у спякоту вельмі цяжка. Не рэалізаваўшы пару-тройку момантаў, трэбы было ўзяць паўзу, пакачаць мяч ззаду, крыху адпачыць. Для гэтага нашым маладым футбалістам не хапіла вопыту. У цэнтры паўабароны не было вопытнага футбаліста, які б мог змадэліраваць гульню: дзе згуляць актыўней, а дзе ўзяць паўзу».

Віталь Казяк адзначае, што, акрамя фізічнай стомленасці, пасля першага тайма ад нерэалізаваных магчымасцяў хлопцам было цяжка і псіхалагічна. Стала ясна: другі тайм каманда ў такім тэмпе гуляць не здолее.

І тым не менш, не сказаць, каб другая палова гульні была для нас пройгрышнай. На пачатку пару момантаў мы зноў не рэалізавалі, а на 58 хвіліне пасля падачы вуглавога прапусцілі ў свае вароты — 0:1. Затым абмяняліся ўдарамі ў перакладзіну. Але ў нашага варатара Канстанціна Сашчанкі ўсё ж работы было менш, чым у яго ўздзенскага калегі.

«Беразінскае» спяшалася адыграцца. На 86 хвіліне мяч вылятаў за нашу вонкавую лінію варот ад нагі футбаліста «Аўтамабіліста». Каб не траціць час на прабіццё ўдару ад варот, Сашчанка пачаў лавіць мяч, не ўтрымаў яго і сам сабе «зарабіў» вуглавы. Пасля прабіцця стандарту мы атрымалі другі гол. Часу на тое, каб аднавіць раўнавагу, не заставалася.

Абодва забітыя мячы на рахунку нападаючага гаспадароў Ягора Зубовіча.

«Зубовіч паспеў прайсці школу мінскага «Дынама», — кажа Віталь Казяк. — Дынамаўцы бралі яго ў арэнду ў жодзінскага «Тарпеда». Вось вам красамоўны прыклад: наш Сяргей Корсак біў і з метра, і з паўметра, меў некалькі выдатных магчымасцяў, але не забіў. А ў Зубовіча — два моманты і два галы. Да такой выніковасці трэба імкнуцца і нашым футбалістам. Забі мы адзін-два галы ў першым тайме, пасля маглі накідаць яшчэ кашолку. А ў выніку саступілі. Футбол не даруе транжырства момантаў».

У гэтым жа дванаццатым туры чысцінская «Забудова-2007» дома з лікам 7:1 разграміла «Старыя Дарогі», а вілейская «Вілія» на сваім полі разышлася мірам са «Штотц-Агра-Сэрвісам» — 2:2.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца:

1. Забудова-2007 31

2. Клецк 25

3. Лівадзія-Юні 25

4. Нёман 24

5. Беразінскае 22

6. Жодзіна-2007 22

7. Аўтамабіліст 17

8. Прысталічча 17

9. Старыя Дарогі 15

10. Рудзенск-2 12

11. Любань 12

12. Вілія 8

13. Колас 6

14. Штотц-Агра-Сэрвіс 4

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.