Папулярнасць ашмянскіх тартоў даўно перасекла межы горада. Мясцовыя кандытарскія вырабы вартыя стаць брэндам – накшталт смаргонскіх абаранкаў або мірскіх пернікаў.
Памятаю, як больш за дваццаць год таму мы з бабуляй ездзілі ў Ашмяны замаўляць тарты на вяселлі. У суседні горад выпраўляліся з яйкамі і цукровай пудрай, з-за якой дагэтуль не працуе старая кавамолка. Пудра была дэфіцытам, таму цукар малолі самі. Тарты былі трох-, чатырохпавярховыя, з галубкамі, лебедзямі, ружачкамі і ні ў якое параўнанне не ішлі з вадзяністымі бісквітамі, якія вырабляла ў той час смаргонская кулінарыя.

Кандытарская справа дагэтуль жыве ў Ашмянах. Алена Буйко – яскравы яе прадстаўнік. Гасцінная і ўсмешлівая, яна сустрэла нас на сваёй дачы недалёка ад Ашмян, дзе ў летнюю навальніцу частавала абрыкосавым свежаспечаным тортам і распавядала, распавядала, распавядала.

На хутары Маргі

У маці нашай было дзевяць дзяцей. Мы жылі на хутары Маргі, цяпер гэта Гальшанскі сельсавет. Мама хварэла, і я з адзінаццаці год пачала з бацькам жаць жыта. Ён працаваў брыгадзірам, аднойчы прыйшоў: “Дачка, трэба будзе дапамагчы – далі два гектары жыта”. І пайшлі з таткам – кіламетры тры да поля, кругом узгоркі і лес.

Прыйшлі, пачалі жаць, я раз – і ўрэзала палец. Нарвала жменю крываўніку, нацерла, закруціла рану. Татка глянуў: “Чаму пальцы ў крыві? Ідзем дахаты!” “Нічога страшнага”, – адказваю і працягваю жаць. Татка адарваў ад насовачкі кавалак тканіны, перавязаў – і я далей працую. Шмат работы было – лён палолі і рвалі, траву жалі, пытлявалі пшаніцу на млыне ў Нарушаўцах.

Схільнасць да кандытарскай справы дасталася мне ад маці. Памятаю, як яна замешвала цеста для хлеба, дадавала бульбу і моркву, каб ён быў румяны. А мы збіралі кляновыя лісты, на якіх маці садзіла хлеб у печ. На цэлы тыдзень напякалі, і такі смачны атрымліваўся! У пятніцу маці зноў расчыняла і ў суботу пякла. Пячэнне маміна памятаю на содзе, кіслым малацэ, смятане – называлася “аранжавае пячэнне”. Такім яно атрымлівалася ад морквы. Сястра цяпер тэлефануе: “Ведаеш, я мамінага “аранжавага пячэння” напякла, прыязджай”. Я таксама час ад часу пяку па маміных рэцэптах.

Праца крочыла за мной

Я скончыла Шчучынскае вучылішча – засвоіла майстэрства хлебапячэння. Выйшла замуж і пайшла працаваць на гальшанскую пякарню. Хлеб мясілі ўручную ў драўлянай бодні – цяжкая праца. Потым гальшанскую пякарню закрылі, і я вырашыла, што больш не буду займацца гэтай справай. Але не атрымалася: прыехалі з райкама камсамола і перавялі ў Астравец майстрам. Часта працавалі ў начную змену. Але і там – няшмат. Акрамя таго, кінула тэхнікум, дзе навучалася тэхналогіі хлебапячэння. Адмахвалася ад гэтай справы, але яна за мной увесь час крочыла: прыйшлося ўсё ж такі пайсці на ашмянскі хлебазавод. Хлебапякарня ў той час была ў цэнтры, за аптэкай, у будынку сінагогі.

Першая

Пасля пабудавалі новую пякарню, дзе я пякла хлеб, а на пачатку 70-х мяне перавялі ў кандытарскую – там мы выпякалі булкі, пячэнне, пернікі. Потым пачаліся конкурсы – ездзілі ў Воранава, у Лунінец. У Лунінцы я заняла першае месца. Галоўны прыз прысуджалі таму, чый торт купяць першым. А я зрабіла вялікі торт, на кілаграмаў пяць, і думаю: “Ніхто не купіць”. Ён быў пяшчотных адценняў, у форме рамонку, на кожным пялёстку – па ружачцы. І на дзіва, набылі менавіта яго – жанчына павезла на вяселле.

Ашмянская рэцэптура

У Ашмянах была развітая кандытарская справа. Шмат хто выпякаў салодкія прысмакі — Паўлоўскі, Шымановіч, Якубель. І цяпер ёсць жанчыны, якія гэтым займаюцца.

Для мяне прыкладам быў Генадзь Паўлоўскі, ён працаваў поварам у інтэрнаце. Вельмі прыгожыя тарты рабіў – з ружамі, вяргінямі. Пыталася пра крэм — адказваў: “Цукровай пудры дадай – і ўсё”. Эксперыментавала – нічога не атрымлівалася. Потым узгадала, што, калі заказваеш торт, просяць прынесці лімонную кіслату і жэлацін. Паспрабавала – і атрымалася. Такая давольная была!

Крэмы куплёныя не прызнаю. Усё раблю сама. Узбіваю бялкі з цукрам, які вару асобна. Уліваю, калі ён ужо гатовы. Дадаю жэлацін, згушчонку, масла – гэта традыцыйны крэм для маіх тартоў.

Увогуле, торт можа спячы кожны, але мне хацелася пафантазіраваць з іншымі формамі. У кандытарскай жа ўсё па рэцэптуры рабілася, таму я фантазіравала дома. Чаго толькі не вырабляла – куранят, лебедзяў, чалавечкаў, галубоў, палянкі з мядзведзямі, хаткі, брычкі, коні. Кожны раз хацелася зрабіць штосьці новае.

Гуляйце шчасліва!

Пякла пераважна для сваіх. Але людзі пераказвалі адзін аднаму, прыходзілі і незнаёмыя. І цяпер, нават праз шмат год, памятаюць.

Аднойчы ішла з касцёла, спынілася машына: “Сядайце, падвязу”. Села – чалавек незнаёмы за рулём. Кажа: “Мы ў вас торт аднойчы замаўлялі, а вы з нас грошы не ўзялі”. Потым узгадала маладую пару, якая прыйшла замовіць торт на вяселле да сваякоў. Яны толькі ажаніліся і з грашыма было цяжка. Пытаюцца: “Колькі гэта будзе каштаваць?” “З цаной разбяромся, – адказваю. – Спяку”. Я ж разумею, як цяжка маладым – сама памятаю, як з мужам Генам пачыналі. Тым больш, я тады працавала, заробак атрымлівала, курэй мела сваіх – што мне той торт спячы? Зрабіла, прыйшлі забіраць: “Колькі плаціць трэба?” “Анічога”. “Як нічога?” “Так, нічога. Гуляйце шчасліва!” І цяпер, як спаткаемся ў горадзе, заўсёды падвозяць.

Далей ад цывілізацыі

Летам мы жывём на хутары. Хаце больш за век ужо, яна дваццаць год стаяла нежылая. На яе мы даўно паглядалі і нарэшце набылі. Тут ніколі не было электрычнасці і цяпер няма. Так добра без тэлевізара! Толькі радыё ёсць – і тое адзін канал прымае. Але маем гаспадарку – карову, каня і тры сабакі – Біма, Джона і Цэзара. Як на хутары без вартаўнікоў?

Адсутнасць цывілізацыі для мяне не ў навіну – я ж таксама дзяцінства правяла на хутары. Скончыцца газа – лучыну ад сасны або елкі адшчэплівалі і запальвалі. Так і вучыліся.

Я тут нашмат лепш сябе адчуваю, чым у горадзе. Нават зрок лепшы стаў – магу чытаць без акуляраў.

Каб штосьці засталося

Летась пачала вырабляць з саломкі. Паглядзела на астравецкай выставе народных рамёстваў, як людзі робяць. Так захацелася капелюшоў наплесці! Як узялася – адзін, другі, трэці… Вучыліся разам з суседскай дзяўчынкай Машай па кніжцы. Потым зрабіла чалавечкаў, конікаў. Паставіла каля хаты — а з дарогі ж усё відаць. Аднойчы цэлая дэлегацыя прыехала з дражджавога завода. Пачыталі, напэўна, пра конкурс на лепшую дачу ў ашмянскай газеце, у якім я вырашыла паўдзельнічаць.

Муж усё кажа: “Адпачні”. А што адпачываць – толькі смерці чакаць? Я так не магу. Хварэю, але як робіцца крыху лягчэй, іду працаваць. Бо думаю, чалавек памірае – і нічога не застаецца. А я хачу хоць штосьці пакінуць унукам і праўнукам.

 

Святлана СТАНКЕВІЧ.

Фота Андрэя РОГАЧА і з архіва Ашмянскага краязнаўчага музея імя Багушэвіча.

Image 548

Святочны каравай.

Салодкая кніга.

Image 551

Майстар-клас па вырабе лебедзя. Малодшая сяброўка Алены Баляславаўны Маша Адынец, якая прыязджае на лета з Рыгі, засвойвае кандытарскае майстэрства.

Image 552

Image 553

Як на хутары без вартаўніка?

Саламяных жыхароў ратуюць ад навальніцы.