Агульная сума шкоды па папярэдніх падліках складае 26 з паловай мільёнаў рублёў.

Стыхія, якая пачалася ў 16 гадзін 11 хвілін, пашкодзіла малочна-таварную ферму, заправачны пункт, сталовую, механічныя майстэрні, гаражы. Моцны вецер пазрываў з дахаў шыфер, паваліў платы, павыбіваў шыбы, пашкодзіў хлявы і бар’еры на коннай спартыўнай базе ў Палачанах. Усяго пацярпелі 25 сельскагаспадарчых пабудоў. Не абышла стыхія і жылыя дамы. Гаспадарам дзевяці дамоў прыйдзецца рамантаваць сваё жыллё.

Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” 24 ліпеня паведаміў галоўны спецыяліст па дзяржаўнай сістэме папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый Андрэй Будо. Паводле яго слоў, дадзеныя папярэднія. Памер нанесенай шкоды будзе ўдакладняцца.

Андрэй Будо адзначае, што вытворчасць у мясцовых сельгаскааператывах не спынялася, людзі, жывёла і тэхніка не пацярпелі. Электраэнэргію Маладзечанскія электрасеткі аднавілі ў той жа дзень каля дзевяці гадзін вечара.

Цяпер працуе камісія па ліквідацыі наступстваў стыхіі. Старшыня райвыканкама Генадзь Кучко распарадзіўся з рэзерваў матэрыяльных рэсурсаў для ліквідацыі надзвычайных сітуацый выдзеліць шыфер.

Сяргей ЗЯНЬКО.