Абмежаванне волі цяпер ужо былы намеснік дырэктара будзе адбываць дома, без накіравання ў выпраўленчую калонію адкрытага тыпу. Па амністыі суд на адзін год вызваліў абвінавачанага ад пакарання. Такім чынам, абмежаваная свабода на тры гады, і таксама тры гады былы кіраўнік не зможа займаць арганізацыйна-распараджальныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады.

 

Як высветліла праведзенае следства, намеснік дырэктара ў дыспетчарскай механічных майстэрняў тры разы ўдарыў у грудзі маладога інжынера за тое, што той адмовіўся ў выхадны дзень выйсці на работу і разгрузіць машыны з тэхнікай. Сведкі на судзе казалі: былі і іншыя выпадкі, калі іх начальнік распускаў рукі. У леташнім жніўні ён на зернесушылцы пабіў рабочага, які быў п’яны.

 

Згодна з трэцяй часткай артыкула «Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў», па якім судзілі абвінавачанага, за дзеянні, якія яўна выходзяць за межы праў і паўнамоцтваў службовай асобай, злучаныя з гвалтам ці абразай пацярпелага, можна атрымаць ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

 

Разгледзеўшы хадайніцтвы ў абарону падсуднага з райвыканкама і аблвыканкама, суд палічыў магчымым прымяніць 70 артыкул Крымінальнага кодэкса — «Прызначэнне больш мяккага пакарання, чым прадугледжана за злачынства». У хадайніцтвах гаварылася пра тое, што намеснік дырэктара быў руплівым кіраўніком, які вельмі перажываў за сваю справу.

 

Спачатку адмаўляючы сваю віну, падсудны ўрэшце прызнаў яе. Прыгавор пакуль не ўступіў у законную сілу. Абвінавачаны на працягу дзесяці дзён ад 23 ліпеня можа абскардзіць яго.

 

Андрэй КЛЫШЭВІЧ, намеснік пракурора Ашмянскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.