Гульня два таймы праходзіла на палове поля «Віліі»

 

Трэнер беразінцаў Віталь Казяк, нягледзячы на буйную ўпэўненую перамогу, тым не менш застаўся незадаволеным рэалізацыяй момантаў.

 

«Канешне, мы мацнейшыя за віляйчан. І тое, што гульня два таймы праходзіла на вілейскай палове поля — гэта бясспрэчна, — сказаў у інтэрв’ю «РГ» Віталь Казяк. — Але мы зноў не рэалізавалі шмат добрых момантаў. Пасля дажджу поле было цяжкае, і нам не хапала лагічнага завяршэння створаных камбінацый. Не хапала дакладнага апошняга паса альбо правільна прынятага рашэння».

 

Гульня пачалася атакамі гаспадароў. Іх варатар Канстанцін Сашчанка шчыра сумаваў ля вялікай лужыны ў цэнтры сваёй варатарскай пляцоўкі. Наперадзе віляйчан напружваў форвард Сяргей Космач. За што на 10 хвіліне атрымаў штуршок у спіну ў штрафной.

 

Суддзя не пакінуў негасцінную выхадку гасцей без увагі і паказаў на кропку. Сам Космач і адпомсціў за сябе, дакладна прабіўшы пенальці — 1:0. «Беразінскае» працягвала атакаваць і на 28 хвіліне праверыла на трываласць перакладзіну віляйчан. Госці абараняліся, амаль не пераходзячы цэнтр поля. Дастаткова сказаць, што першы вуглавы ля варот беразінцаў быў пададзены толькі на 31 хвіліне. Праз шэсць хвілін усё той жа Космач запусціў «парашут» за спіну варатара, але мяч трапіў у штангу. Другі раз мяч сустрэўся са стойкай вілейскіх варот на 44 хвіліне, адскочыў, пайшла перадача на Космача, і Сяргей закаціў прадмет гульні ўжо ў пустыя вароты — 2:0. Перапынак.

 

У другой палове гульні беразінцы прадоўжылі наступленне, а на 50 хвіліне першы свой момант стварылі і госці. Удар злева на вуглавы перавёў Сашчанка. 55 хвіліна. Паўабаронца гаспадароў Ігар Нарожнік ударам метраў з дваццаці робіць лік буйным — 3:0. Праз сем хвілін Аляксандр Грыхуцік выводзіць на ўдар Сяргея Корсака, той б’е крыху вышэй правай дзевяткі.

 

На 68 хвіліне віляйчане стварылі контратаку, Сашчанка своечасова выйшаў з варот на перахоп і ліквідаваў пагрозу. Тут жа мяч падхапіў Корсак, але не здолеў дакладна перавесці яго на Грыхуціка. Праз хвіліну па варотах зноў біў Корсак, галкіпер гасцей выручыў, у скачку перавёўшы мяч на вуглавы. Кропку ў разгроме віляйчан на 84 хвіліне паставіў Раман Вінцукоўскі прыгожым далёкім ударам — 4:0.

 

Менавіта Вінцукоўскі ў гэтай гульні быў адзіным футбалістам «Беразінскага», да якога ў трэнераў Віталя Казяка і Аляксандра Гармазы не было аніякіх прэтэнзій. Па словах Віталя Казяка, астатнія гульцы таксама стараліся, але тэхнічнага браку было шмат.

 

Гуляючы трэнер віляйчан Алег Гулевіч ў размове з «РГ» прызнаў, што «Беразінскае» абыграла «Вілію» цалкам. «У Маладзечне вельмі перспектыўная моладзь. Радуе, што ў гэтым горадзе ёсць такая добрая каманда, — кажа Алег Гулевіч. — Нам жа сёлета катастрафічна не шанцуе. Ніяк не можам вызначыцца з варатаром. Цяпер вядуцца перамовы з новым галкіперам. Хто ён і адкуль — гаварыць пакуль рана. Павінна таксама ўзмацніць каманду пара новых палявых футбалістаў. Узровень чэмпіянату вобласці ўзняўся, і мы да яго пакуль не дацягваем. Спадзяёмся, што па выніках турніру здолеем застацца ў першай лізе».

 

Наступны матч «Беразінскае» згуляе 1 жніўня дома са «Старымі Дарогамі», а «Вілія» таксама на дамашнім стадыёне прыме чэрвеньскі «Колас».

 

Сяргей ЗЯНЬКО.

 

Турнірная табліца:

 

1. Забудова-2007 34

 

2. Лівадзія-Юні   28

 

3. Нёман     27

 

4. Беразінскае      25

 

5. Клецк     25

 

6. Жодзіна-2007   22

 

7. Аўтамабіліст    20

 

8. Прысталічча    20

 

9. Рудзенск-2       15

 

10. Старыя Дарогі        15

 

11. Любань 12

 

12. Вілія      8

 

13. Колас   6

 

14. Штотц-Агра-Сэрвіс 4