«Настойлівае імкненне Віктара п’яным сесці за руль проста ўражвае, — здзіўляецца ў інтэрв’ю «РГ» намеснік пракурора Валожынскага раёна Віталь Юрэвіч. — За непрацяглы час ён п’яны садзіўся за руль чатыры разы і заўсёды пападаўся. Мяркуйце самі: 18 сакавіка мужчыну за такое злачынства ўжо судзіў суд Ашмянскага раёна. Значыць, перад гэтым ён адказаў за п’янае кіраванне перад адміністрацыйным заканадаўствам. Ашмянскі суд 18 сакавіка за катанне на «Маздзе» аштрафаваў Віктара на 150 базавых велічынь (5 мільёнаў 250 тысяч рублёў)».

Па словах Віталя Юрэвіча, ліхач не супакоіўся. Пасля суда прайшло ўсяго тры тыдні, і п’янага Віктара 6 красавіка спынілі ля вёскі Будзёнаўка Ашмянскага раёна, калі ён ехаў на мапедзе «Хонда». Пасля гэтага — новы суд, які адбыўся 20 красавіка, і новы адміністрацыйны штраф у памеры 35 базавых велічынь (1 мільён 225 тысяч рублёў).

Яшчэ праз месяц, 22 мая, Віктар, па яго словах, папрасіў свайго цесця ўзяць у знаёмага прадпрымальніка машыну «Форд-Мандэа», каб звазіць маленькую дачку ў бальніцу. Дачку звазілі. А да Віктара ў 11 гадзін з бутэлькай віна прыйшоў сусед. Выпілі тое віно, гаспадар лёг спаць. Каля 11 вечара прачнуўся, сеў за руль і паехаў у Мінск.

Да сталіцы Віктар не даехаў. На трасе Мінск-Вільня, кіламетрах у пяцідзесяці ад Ашмянаў, яго спынілі супрацоўнікі валожынскай дзяржаўтаінспекцыі. Яны папрасілі паказаць дакументы на машыну і правы кіравання. Дакументы на «Форд» былі ў парадку, а вось правоў, натуральна, не аказалася. Даішнікі прапанавалі вадзіцелю прайсці медагляд. У валожынскай паліклініцы тэст на алкаголь даў станоўчы вынік.

На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну, чыстасардэчна раскаяўся і прасіў строга не караць, бо ён выхоўвае маленькую дачку. Выхаванне дачкі суд прызнаў абставінамі, якія змякчаюць віну, і… даў штраф — 10 з паловай мільёнаў рублёў.

«Цікава, што два папярэднія штрафы аматар нецвярозай язды аплаціў, — кажа Віталь Юрэвіч. — Цяпер аплаціць новы. А мог бы гэтыя грошы патраціць на дачку».

Падсумуем: агульная сума штрафаў, прысуджаных Віктару за кіраванне транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане, ад 18 сакавіка да сённяшняга дня склала 16 мільёнаў 975 тысяч рублёў.

Прыгавор суда Валожынскага раёна пакуль не ўступіў у законную сілу. Асуджаны мае права абскардзіць яго ў суд Гродзенскай вобласці да 4 жніўня.

Сяргей ЗЯНЬКО.