Катар — невялічкая краіна на Катарскім паўвостраве ў Персідскім заліве. Трэнер маладзечанцаў Віталь Казяк расказаў у інтэрв’ю «РГ», што «Лакхуа» напярэдадні прыехала ў Мінск на зборы. Кіраўніцтва каманды падтрымлівае сувязі са сталічным клубам вышэйшай лігі «МТЗ-РІПА». У пятніцу, 24 ліпеня, катарцы згулялі таварыскі матч з «МТЗ-РІПА». Мінчане перамаглі з лікам 1:0.

Госці звярнуліся да галоўнага трэнера сталічнай каманды, былога трэнера нацыянальнай зборнай «Беларусі» Юрыя Пунтуса з просьбай арганізаваць яшчэ адзін спарынг з іншай беларускай камандай. Юры Пунтус 25 ліпеня патэлефанаваў галоўнаму трэнеру маладзечанцаў Аляксандру Гармазе. Гармаза згадзіўся на спарынг, але існавалі праблемы са стадыёнам, на якім павінна была прайсці гульня.

Гэтыя праблемы былі вырашаныя пасля звароту з Мінска да начальніка аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Мікалая Шрымфа. Ён даў згоду на правядзенне гульні на гарадскім стадыёне.

Віталь Казяк адзначыў, што ідэя гэтага таварыскага матча ўзнікла спантанна, таму пра «Лакхуа» мы не ведалі абсалютна нічога, і невядома было, як будаваць гульню. Сапраўды, на пачатку першага тайма складвалася ўражанне, што нашы футбалісты паняцця не маюць, што рабіць з сапернікамі, і адкуль яны ўзяліся. Першыя 15 хвілін катарцы апанавалі палову поля гаспадароў і, як вынік, — гол у нашы вароты — 0:1.

Трэба аддаць належнае маладзечанцам, яны не стушаваліся. Пачалі паціху агрызацца. На 30 хвіліне нападаючы Сяргей Корсак небяспечна прабіў з цэнтра ад лініі штрафной, варатар парыраваў. А яшчэ праз хвіліну капітан Сяргей Дараховіч злева падаў вуглавы, а Корсак у прыгожым скачку ўдарам галавой накіраваў мяч у левую ад галкіпера дзевятку — 1:1.

У другой палове гульні на 54 хвіліне ля сваёй штрафной не разабраліся нашы абаронцы Станіслаў Баламут і Сяргей Дрозд. Дазволілі катарскаму футбалісту апынуцца сам-насам з нашым варатаром Вячаславам Камінскім — 1:2. А праз тры хвіліны аналагічную памылку дапусцілі абаронцы гасцей. Цяпер ужо Дараховіч адправіў Корсака на асабістую сустрэчу з галкіперам саперніка. Сяргей спакойна выйграў гэтую дуэль — 2:2.

Пасля нашы яшчэ мелі нядрэнныя магчымасці забіць. У гол іх на 75 хвіліне матча ўвасобіў Аляксандр Грыхуцік. Саша, які, па словах Віталя Казяка, умее стварыць гол з нічога, пацвердзіў правільнасць меркавання свайго трэнера. Ён проста абакраў у гасцявой штрафной абаронцу, які зазяваўся, і піхнуў мяч у правы ад варатара вугал — 3:2.

«Мы з Аляксандрам Гармазой засталіся задаволеныя гульнёй, — кажа Віталь Казяк. — Спарынг аказаўся вельмі патрэбным і карысным. Згулялі з дастойным і тэхнічным сапернікам. Галоўнае, што не саступалі фізічна, Юрыю Пунтасу, які прысутнічаў на матчы, асабліва спадабаліся абаронца Сяргей Дрозд і нападаючы Сяргей Корсак. Будзем спадзявацца, што ў бліжэйшай гульні чэмпіянату ў Клецку 2 жніўня нашы футбалісты пакажуць такую ж сыгранасць і нацэленасць на вароты».

Сяргей ЗЯНЬКО.