Апошнім такім сведчаннем, з якім я сутыкнулася, сталі ўспаміны польскага паэта Чэслава Мілаша аб віленскім кірмашы і нанізаных на вяровачкі абаранках, якія, незалежна ад месца выраба, насілі назву “смаргонскія”.

Мяркуецца, што іх прыдумалі менавіта тут, а нагодай сталася мядзвежая акадэмія, гадаванцы якой ласаваліся абаранкамі, якія адмыслова нарыхтоўваліся ў якасці сухіх кансерваў для “акадэмікаў”.

Жыхарка Смаргоні Яніна Галяк узгадвае, як цёткі, якія эмігравалі ў Польшчу ў 30-х гадах, кожным разам прасілі беларускіх сваякоў прывезці смаргонскіх абаранкаў і ніяк не маглі прызвычаіцца да таго, што прыватныя пякарні зніклі на іх радзіме. “Аднойчы мы ехалі ў Варшаве на таксоўцы і кіроўца пацікавіўся: “Адкуль?” “Са Смургоняў”, – адказваем. “А-а-а, вем-вем сморгонске обважанкі”, – усміхнуўся паляк”.

Памятаюць смаргонскіе прысмакі і дагэтуль – і на кірмашы ў гонар св.Казіміра ў Вільнюсе, і ў Польшчы. Адтуль, дарэчы, Іаланта Качур, унучка вядомай у Смаргоні абараначніцы Эміліі Хацілоўскай. Яна жыве ў Ловічы, але добра памятае расповеды пра духмяныя абаранкі з Заходняй Беларусі. Тата Эміліі, Канстанцін, у 20-х гадах мінулага стагоддзя вечарамі дапамагаў маці Эміліі ў пякарні, а днём хадзіў у школу да настаўніка з невыпадковым прозвішчам Пякарскі. У 12-14 год Кастусь ужо ездзіў з абаранкамі на віленскі кірмаш. Старыя людзі ўзгадваюць, што са Смаргоні ехала столькі падводаў, што духмяны пах на віленскім шляху можна было пачуць здалёк.

У смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі захаваліся ўспаміны Кацярыны Мінкоўскай. Іх у 1997 годзе занатавала і захавала супрацоўнік музея Надзея Маркава. На той момант Кацярыне Аляксандраўне было 87 год.

У 30-я гады мінулага стагоддзя Кацярына Мінкоўская працавала ў прыватнай артэлі абараначніцай-“калястольніцай” – рабіла абаранкі з цеста. Пякарня складалася з дзвюх аддзяленняў: адзін пакой быў адведзены для захоўвання мукі, а ў другім мясілі цеста і выпякалі абаранкі ў печы, якая тапілася выключна альховымі дровамі. Працавалі па 4-5 чалавек у дзве змены.

Гэта была папулярная справа, і шмат хто ў Смаргоні ёй займаўся. Сярод вядомых майстроў абаранкавага майстэрства ўзгадваюцца Янчуковічы, Альхімовічы, Вайцяхоўскія, Чаховічы, Хацілоўскія, Вяль, Страшынскія, Руткоўскія, Русецкія, Александровічы, Казлоўскія, Завадскія, Рубіновічы.

Старыя жыхары Смаргоні, з якімі мне давялося размаўляць, казалі, што ў горадзе не засталося сведкаў абаранкавай справы. Да нядаўняга часу і я так лічыла, пакуль не пазнаёмілася з Валянцінай Іванаўнаў Булавай. Суседі сведчаць, што ў свае 90 Валянціна Іванаўна выпякае такія прысмакі, якія ў горадзе ніхто не здолее вырабіць. Такі спрыт жыхарка ўтульнага дома па вуліцы Кірава набыла ў далёкія 30-я, калі абаранкавая пякарня была іх сямейным прадпрыемствам. Спадарыня Валянціна – апошні сведка, які можа распавеці жывую гісторыю, бо гэта гісторыя – яе ўласнае жыццё.

Валянціна Булава: “Я адзіная, хто застаўся з абараначнага майстэрства”

Кругазварот

– Сваю пякарню мы адкрылі ў першай палове 20-х гадоў, калі вярнуліся з Казані – там наша сям’я хавалася ад вайны. Хата была спалена, як і увесь горад, таму давялося жыць у склепе, пакуль тата будаваў першую палову хаты.

У Смаргоні на той час было развіта вытворчасць абаранкаў. Мая маці, Алена Станіславаўна Альхімовіч, і ўзялася за гэтую справу.У пабудаванай палове хаты і жылі, і пяклі абаранкі. Але па загадзе санстанцыі мы былі вымушаныя перайсці жыць ў невялічкую хату праз дарогу, дзе ўсе спалі на падлозе, нават сабачка спаў разам з намі. Так і туліліся, пакуль не зрабілі рамонт ў пабудаванай палове хаты. Сцены пафарбавалі маслянай фарбай – усё зрабілі па загадзе санстанцыі.

Там мы адкрылі сваю вытворчасць. Я мела 15-16 год, калі пачала дапамагаць у пякарні. Нас было тры дачкі – Жэня, Іра і Валя, мы працавалі з маці. Калі маці ехала на базар, мы наймалі рабочых. З працай на той час было цяжка.

Маці наймала габрэяў, якія вазамі прывозілі муку, па 10 мяхоў,. Гаспадары крамы запісвалі ў кнігу: “Узяла столькі-та мукі”. Мы пячэм абаранкі, маці прадае, грошы аддаюцца за муку, атрымліваем наступны воз, запіс ў кнізе, зноў пячэм, прадаем. Вось такі кругазварот.

Самі мы на абаранкі не надта каб і глядзелі. Усіх частавалі, а самі за імі не гналіся. Каб завіталі да мяне ў той час, я б і вас пачаставала.

Рэцэпт абаранкаў не страчаны

Неаднойчы прыходзілася сутыкацца са сцвярджэннем, што рэцэпт смаргонскіх абаранкаў страчаны. Нібыта захоўваўся ён у таямніцы і перадаваўся з пакалення ў пакаленне ў межах сям’і. Валянціна Іванаўна абвяргае гэтыя звесткі:

– Рэцэпт просты – дрожджы, мука і вада. На ноч рабілася апара. У гадзінаў 5-6 раніцы прыходзілі работнікі і пачыналі разводзіць цеста. У дзень расходаваўся мяшок мукі.

Печ была вялікая, 3-4 метры ў даўжыню, у яе ставіўся вялікі чугунны кацёл – адзін з іх дагэтуль застаўся. У гэтым катле і варыліся абаранкі. Каб яны былі ружовенькія, бліскучыя, у ваду дадавалі мёд. Яго мы набывалі ў габрэйскай краме. Затым шумоўкай абаранкі даставалі.

Мяне маці не вучыла, я проста назірала. Працаваць было цяжка – усю працу выконвалі жанчыны ўручную. Мясілі цеста, качалі. Мне цяпер замясіць цеста – што ў тыя карты гуляць. Пельмені маментальна з-пад рук вылятаюць.

Абаранкі былі розных памераў – на адзін палец, на два. Большага памеру пякліся па іншаму рэцэпту – дадаваліся яйкі, масліца, цукар, часам – ваніль, мак. Вельмі смачныя, але рабіліся яны толькі на замову. Шкада, няма цеста пад рукой – я б вам раскатала…

Я працягваю Валянціне Іванаўне папяровую насовачку, і спрытныя рукі хутка скручваюць джгут. Гэты джгуцік абгортваецца вакол пальца і Валянціна Іванаўна працягвае мне папяровы абаранак памеру-мінімум.

Кацярына Мінкоўская, дарэчы, пакінула нават дакладные суадносіны прадуктаў: на 5 пудаў мукі бярэцца 250-300 грамаў дрожджаў і 6 літраў вады. У 2 гадзіны ночы можна пачынаць рабіць абаранкі.

Канкурэнцыя

– Найвялікшы попыт на абаранкі быў на куццю. Але ў Смаргоні кожную сераду і пятніцу былі базары. Увогуле ж, прадаваць абаранкі можна было кожны дзень. Стаялі драўляныя паднавесы – там і прадавалі. Канкурэнцыя была вялікая. Вось стаім мы, напрыклад, а тут прыязджае такі Янчуковіч, пытае: “Хто небудзь каля вас займаў?” І становіцца побач з такім жа таварам.

Паводле ўспамінаў Кацярыны Мінкоўскай, абаранкі прадавалі таксама на вакзале і навакольных вёсках.

“Няма Казюка без абаранак”

Так казалі наведвальнікі віленскага кірмаша ў гонар свята св.Казіміра. Трапіць туды імкнуліся і смаргонцы:

– У Вільню ездзілі два-тры разы на год, – ўзгадвае Валянціна Булава. – 29 чэрвеня на свята Пятра і Паўла і на Казімера – 4 сакавіка. Часам – 24 чэрвеня на Яна. Попыт на смаргонскія абаранкі ў святочныя дні быў вялікі.

На віленскі базар мы вазілі два вазы абаранак. Каб захаваць таварны від, іх зашывалі ў белыя прасціны Наймалі людзей, коней, пару сутак шляху – і смаргонскія абаранкі ў Вільні. Каштавалі яны капейкі, вязанка ў адзін-два пальцы – 5-10 грошай. Самы вялікі абаранак, з далоню памерам – па 10 грошай. Калі тавар заставаўся, маці скідвала кошт.

Усе ў Вільні ведалі: з абаранкамі – значыць, са Смаргоні.

На атрыманыя грошы маці штосьці набывала ў Вільні. Прывезла чатыры добрыя крэслы – на адным з іх, дарэчы, сядзіць ваш фатограф. Дочкам – то паліто, то капялюшык, то сукенку – усё было вельмі якаснае.

“Я – адзіная, хто застаўся”

З прыходам савецкай улады вытворчасць абаранкаў знікла:

– Печ давялося перарабіць. Абаранкі больш ніхто не пёк. Хіба што потым – ў кааператыве. З Вільні таксама прывозілі. Але ўсё не такое – іншая тэхналогія. Мы не трымалі нічога ў сакрэце – папросту, нас ніхто не пытаў.

Калі б не вайна, мы б мелі шмат запазычаннасцяў. Тавар застаўся, абаранкі стаялі мяхамі. Маці была вельмі добрай жанчынай. Усім дапамагала, таму лішняй капейкі ніколі не мелі. Куцця прыйдзе: “Гэля, можа ў цябе абараначак да маку на свята будзе?” Маці давала: “На здароўе, ешце. Са святам!”

Мне 90 год, я адзіная, хто застаўся з абараначнага майстэрства. Аднавіць гэтую справу немагчыма: не тыя людзі. Працаваць так не стануць. Але калі б я была такая, як вы, ды нават няхай 80 год будзе – я б пайшла на гэтую працу.

Продаж абаранкаў у Вільні, 30-я гады.

Продаж абаранкаў у Смаргоні, 30-я гады.

Пякарня сям’і Альхімовіч. Злева направа: маці – Алена Альхімовіч, дочкі Яўгенія, Валянціна, Ірына, 30-я гады

Святлана СТАНКЕВІЧ

Фота Валянціны Булавай – Андрэй РОГАЧ