Маладзечанскія футбалісты, атрымаўшы 29 ліпеня на сваім стадыёне перамогу ў спарынгавым матчы з камандай “Лакхуа” з краіны Катар, што ў Персідскім заліве, у нядзелю, 2 жніўня, саступілі з буйным лікам у гасцях “Клечаску”.

Маладзечанцы нічога не здолелі супрацьпаставіць зладжанай гульні клецкіх футбалістаў.

 

Прыгожая перамога з лікам 3:2 над цемнаскурымі атлетычнымі гасцямі з Персідскага заліва, падобна, згуляла з маладзечанцамі злы жарт. Відаць, мы падумалі, што, калі выйгралі ў тэхнічных катарцаў, ваяж у Клецк стане лёгкай прагулкай, тым больш, што ў першым крузе дома мы былі аб’ектыўна мацнейшыя за саперніка, хаця і прайгралі 0:1. Усё атрымалася з дакладнасцю наадварот.

“Каманда была непадобная сама на сябе, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” галоўны трэнер “Маладзечна” Аляксандр Гармаза. – Гульня ў Клецку была, бадай, адным з горшых нашых матчаў, праведзеных за паўтара сезона”.

Забівалі нам гаспадары на 13, 28, 60 і 89 хвілінах. У трэнерскага штаба да кожнага футбаліста ёсць маса прэтэнзій, адзначае Аляксандр Гармаза. Ні ў адным з момантаў нас не выручыў варатар Вячаслаў Камінскі. Цэнтральныя паўабаронцы замест таго, каб аддаваць перадачы наперад, гулялі праз абаронцу Сяргея Дразда. За кошт прэсінгу на кароткім полі сапернікі прымушалі памыляцца нашу абарону.

Наперадзе, саступаючы 0:2, не выкарысталі добрыя моманты нападаючыя Сяргей Космач і Сяргей Корсак. У сваю чаргу клецкія гульцы нападзення былі на галаву вышэйшыя і на парадак мацнейшыя за маладзечанцаў. Па словах Аляксандра Гармазы, у перапынку паміж першым і другім кругамі Клецк правёў збор, дазаявіў новых футбалістаў. Цяпер гэта каманда, па меркаванні галоўнага трэнера маладзечанцаў, здольная стварыць праблему любому клубу другой лігі.

Калі казаць пра нашы кадравыя справы, то “Маладзечна” – адзін з нямногіх клубаў усіх трох дывізіёнаў беларускага футбола, які абышоўся пасля першага круга без дазаявак. Больш за тое, па словах Аляксандра Гармазы, магчыма, у хуткім часе давядзецца развітацца з нашымі легіянерамі.

Гармазу не задавальняе гульня мінчан – варатара Вячаслава Камінскага і левага паўабаронцы Віталя Чарнова. Яны не мацнейшыя за сваіх маладзечанскіх калег.

Маладыя ж маладзечанцы, па словах трэнера, не заўсёды разумеюць, чым яны займаюцца. Канстанцін Шчансновіч, напрыклад, быў чамусьці здзіўлены, што яго трэнеры паставілі з першых хвілін у асноўны састаў. “Калі чалавек уваходзіць у лік 18 асноўных футбалістаў, ён павінны быць гатовы выйсці на поле і ад пачатку гульні, і выйсці на замену. Гэта тычыцца не толькі Косці, а ўсіх гульцоў”, – падкрэсліў Аляксандр Гармаза.

Напрыканцы размовы галоўны трэнер сказаў, што пасля паражэння ў Клецку ніхто не збіраецца пасыпаць галаву попелам. У другім крузе ў нас дастаткова шмат дамашніх гульняў, і каманда пастараецца набраць у іх максімальную колькасць ачкоў.

Калі гэты нумар газеты выйдзе ў свет, у пятніцу, 7 жніўня, на гарадскім стадыёне праводзім матч 1/16 кубка Беларусі з камандай вышэйшай лігі гродзенскім “Нёманам”. Пасля – дзве дамашнія гульні чэмпіянату краіны. 13 жніўня – з “Рудзенскам” і 16 жніўня – са “Слуцкцукрам”.

Турнірная табліца:

1. Рудзенск    32
2. Вертыкаль    30
3. Зорка-БДУ    25
4. Гарадзея    24
5. Асіповічы    23
6. Маладзечна    20
7. Слуцкцукар    20
8. Нёман        20
9. Клечаск    19
10. Жлобін    14
11. Мясакамбінат    11
12. Лівадзія    11
13. Бяроза    10
14. Орша        9

Сяргей ЗЯНЬКО
Фота аўтара.