Двойчы ў суботу, 1 жніўня, маладзечанцы спрабавалі збыць у банках фальшывыя грошы. У першым выпадку – купюру ў 1000 расійскіх рублёў, у другім – купюру ў 100 долараў ЗША.
Паводле інфармацыі памочніка начальніка райаддзела міліцыі Яўгена Беркутава, у аддзяленне Белінвестбанка, размешчанага ва ўнівермагу, што на Цэнтральнай плошчы, у 11.20 мужчына мяняў на беларускія рублі купюру вартасцю 1000 рублёў Нацбанка Расіі з прыкметамі падробкі.

Падчас праверкі купюры высветлілася: яна зробленая з дапамогай каляровага кропельна-струмянёвага друку на паперы, якая па якасці не адпавядае якасці паперы сапраўдных расійскіх грошай. Вадзяны знак быў невыразны, ахоўная стужка не мела прасвету, галаграма не мяняла колеру.

У гэты ж дзень у 13 гадзін на вуліцы Прытыцкага ў Беларусбанку затрыманая жанчына, якая прад’явіла для абмену купюру вартасцю 100 долараў ЗША. Падробка таксама была зробленая на кропельна-струмянёвым прынтэры на паперы, склеенай з двух лістоў. Вадзянога знака на купюры не было.

Па словах Яўгена Беркутава, у абодвух выпадках затрыманыя самі не ведалі пра тое, што здаюць падробныя купюры. У адным выпадку фальшывыя грошы былі знойдзеныя у Маскве, у другім – купленыя на базары.

Міліцыя ўзбудзіла дзве крымінальныя справы па артыкуле “Выраб, захоўванне альбо збыт падробных грошай”.

Сяргей ЗЯНЬКО.