У невялікім горадзе знакамітым стаць не цяжка, асабліва тым, чыя праца звязаная з людзьмі. Але заваяваць папулярнасць у дзяцей – гэта звычайна пад сілу толькі кінагероям. Мар’ян Жук не здымаўся ў кіно, але смаргонскія дзеці добра яго ведаюць, бо ён – дзіцячы доктар.

Існуе гісторыя – выдатны доказ гэтай папулярнасці. Дзесяць год таму ў гімназіі №4 настаўніца задавала першакласнікам пытанні:
– Дзеці, як называецца доктар, які робіць аперацыі?
– Хірург! – адказвалі ўсе хорам.
– А доктар, які лечыць вушы, горла і нос?
– Лор!
– А дзіцячы доктар?
І замест чаканага “педыятр” дзеці грымнулі хорам:
– Доктар Жук!

Амаль у кожнай смаргонскай сям’і існуе гісторыя, звязаная з Мар’янам Баляслававічам. Абыходзячы маленькіх пацыентаў на сваім участку, разам з чамаданчыкам з неабходнымі медыцынскімі прыладамі ён насіў з сабой жарты. Гэтым ён і запамінаўся дзецям, якія дактароў, у прынцыпе, не мілавалі.

З Мар’янам Баляслававічам мы сустрэліся перад начным дзяжурствам – участковым доктарам ён ужо не працуе, але пацыентаў сваіх памятае, як, зрэшты, і яны яго. Падчас размовы высветлілася, што знакаміты ў Смаргоні доктар Жук – зусім не са Смаргоні, нягледзячы на тое, што настолькі зросся з горадам.

– Нарадзіўся я ў Віцебскай вобласці, у горадзе Паставы, акурат на Новы год – 1 снежня 1942 года. Там жа правёў дзяцінства, вучыўся ў школе, а ў 53-м годзе паступіў у Мінскае сувораўскае вучылішча, якое скончыў у 59-м. Праўда, на ваенную службу ісці не захацеў.

– Столькі адвучыўшыся, чаму пасля адмовіліся ад прафесіі вайскоўца?

– Не люблю, каб мной камандавалі. Як скончыў вучобу, зразумеў гэта. Тым больш, айчым мой, інвалід вайны, таксама на вайсковую службу глядзеў без задавальнення.
Таму я вырашыў вучыцца далей і здаў экзамены ў Мінскі медыцынскі інстытут. Нас сабралі і спыталі, ці хоча хто-небудзь паступіць з выездам у Саратаў, Львоў, Данецк, Ленінград. Я выбраў Саратаў – там былі сябры. Так і напісаў: “Залічыць студэнтам медінстытута з навучаннем у Саратаве”. Сказалі чакаць. Я чакаў-чакаў і ўжо страціў надзею на паступленне.

Пайшоў неяк да сябра, Дзімы Седунова, які жыў у раёне цяперашняга пастаўскага парку. Залезлі мы разам на дуб і пачалі кідацца жалудамі ў прахожых. Глядзім – удалечыні ідзе жанчына. Я кажу: “Дзіма, падрыхтавацца!” Жанчына аказалася маёй маці. І шукала яна мяне, бо ведала, што я ў сябра. “Мама, чаго?” – пытаюся. “Табе ліст прыслалі”, – адказвае. Я злез і чытаю: “Вы залічаны студэнтам Мінскага медыцынскага інстытута з навучаннем ў Ленінградзе”.

У Ленінградзе я адвучыўся шэсць год, пасля гэтага, у 1965-м, мяне забралі ў войска. Служыў таксама там, а ў сакавіку 66-га перавялі ў Петразаводск, дзе якраз звольніўся доктар. За гэты час давялося з’ездзіць у Кіргізію. За два тыдні да канца маёй службы аднаго салдата камісавалі і мне як доктару даручылі суправаджаць яго на радзіму. Гэта было якраз пасля землятрусу ў Ташкенце, таму дабіраўся я ў Кіргізію з Петразаводска пяць дзён. Пакуль вярнуўся – ужо і дэмабілізацыя.

Пасля арміі працаваў участковым доктарам у Паставах. А ў 1969 прачытаў аб’яву ў газеце – “Патрабуецца педыятр” – і прыехаў у Смаргонь. На той час нікога тут не ведаў – ні знаёмых, ні сваякоў у Смаргоні не было. Але з гэтага часу жыву і працую тут.
Да 2004-га быў участковым педыятрам, але цяпер я на пенсіі і працую дзяжурным доктарам. Мая праца складаецца з аказання дапамогі, агляду дзяцей, у тым ліку тых, якія прызямляюцца на Байкануры – так мы называем радзільнае аддзяленне.

– Чым адрозніваюцца вашы першыя пацыенты ад больш “позніх”?

– Вельмі маладыя мамы з’яўляюцца. Раней такога не было, а цяпер у радзільным аддзяленні сустракаюцца і 14-гадовыя дзяўчаты, у той час, калі самі яшчэ дзеці.

– Зыходзячы са змяненняў умоў працы – калі казаць пра матэрыяльную базу, пра сучаснае абсталяванне, – ці змяніліся дзіцячыя хваробы? Чым хварэюць сучасныя дзеці?

– Раней, напрыклад, дзеці часта хварэлі на адзёр. Цяпер гэта хвароба рэдка сустракаецца. Затое частыя выпадкі прастудных, вірусных захворванняў. Больш стала выпадкаў цыстыту, пнеўманіі – асабліва ў дзяўчат старэйшага ўзросту.

– Чаму менавіта ў дзяўчат?

– Мода дыктуе свае ўмовы, і дзяўчаты іх прытрымліваюцца. Кароткія джынсы, спадніцы, майкі – пуп адкрыты, таму што так модна. Мода потым абарочваецца хваробай нырак.

– Ці ёсць у вас нейкія арыенціры ў доктарскай справе, на якія можна было б раўняцца? Літаратурныя або кінагероі ці рэальныя асобы?

– Не, я заўсёды быў сам па сабе і ніколі не задаваўся мэтай шукаць сабе куміра.

– Якія якасці цэніце ў чалавеку?

– Справядлівасць, шчырасць, сяброўскія адносіны.

– А без якіх якасцяў не можа абысціся педыятр?

– Без цярплівасці. Асабліва ў цяперашні час. Бываюць выпадкі, калі людзі патрабуюць немагчымага, крыўдзяцца. А ў доктара насамрэч шмат спраў і разарвацца немагчыма. Ідзеш у радзільны дом, потым наведваеш дзяцей у інфекцыйным аддзяленні. У гэты ж час прывозяць хворае дзіця, і бацькі крыўдзяцца на тое, што мусяць чакаць сорак хвілін. Гэта спецыфіка працы – доктар не заўсёды можа сядзець на адным месцы – ёсць шмат іншых абавязкаў. І вось тут, у адносінах з людзьмі, цярплівасць неабходная. Гэта якасць нажыўная.

– А што самае цяжкае ў вашай прафесіі?

– Зноў жа чалавечы фактар, падыход да кожнага асобнага чалавека. Трэба ўявіць сябе на месцы маці, каб аказаць дапамогу як мага хутчэй. Усім хочацца, каб дзіця было здаровае.

– Калі казаць пра альтэрнатыўную медыцыну – зараз шмат цячэнняў, метадаў лячэння. Узнікаюць новыя погляды на рэчы, якія доўгія гады лічыліся бясспрэчнымі. Напрыклад, абавязковыя прышчэпкі – у іх з’явілася шмат праціўнікаў. Як вы ставіцеся да альтэрнатыўных поглядаў?

– Адмоўна стаўлюся. Канешне, улічваючы тое, што працэнт захворванняў, супраць якіх праводзіцца вакцынацыя, панізіўся, у прышчэпках патрэба таксама не такая вострая. Але, як бы там ні было, вірус жыве і калісьці можа даць аб сабе знаць. Раней сярод распаўсюджаных хвароб быў адзёр, эпідпаратыт. Цяпер колькасць захворванняў імі вельмі малая – дзякуючы прышчэпкам.

– Нядаўна даведалася, што ў Аўстраліі па тэлебачанні ідуць сацыяльныя ролікі з парадамі не мыць часта рукі, каб не змываць ахоўны слой. У краіне крохкая экасістэма і аслаблены імунітэт у дзяцей, таму частае мыццё не дае карысці. А “нестэрыльнасць” загартоўвае імунную сістэму. Ці прымяняльна гэта да нас? Ці насамрэч стэрыльнасць можа мець адмоўны бок?

– У нашай краіне аўстралійская практыка дастаткова рызыкоўная. Беларуская экалогія не дазваляе прымяняць такі вопыт – гэта небяспечна ў нашых умовах, дзе паветра забруджваецца выхлапнымі газамі і заводамі. Такія паводзіны апраўданы толькі ў краіне з добрай экалогіяй.

– А наконт народнай медыцыны? Дагэтуль медыкі сустракаюцца з выпадкамі, калі чалавек лічыць за лепшае прыкласці капусны ліст да пералому, чым пайсці ў бальніцу.

– І тут я таксама аддаю перавагу класічным метадам лячэння. Народная медыцына не можа вырашыць усе праблемы. Вядома, лекавыя травы пры правільным прыёме ўздзейнічаюць на арганізм станоўча, але імі нельга абмяжоўвацца. Вылечыць пералом капустай немагчыма, нельга займацца самалячэннем у такіх выпадках.

– У Міхаіла Булгакава ёсць серыя апавяданняў “Нататкі юнага доктара”, у якіх ён апісвае пачатак сваёй доктарскай практыкі ў Смаленскай вобласці. Адно з апавяданняў – “Цемра егіпецкая” – аб “цёмных” вяскоўцах, да якіх і адносіцца назва твора. Яны больш давяраюць парадам суседкі або ўласнаму досведу, чым доктару. Ці даводзіцца цяпер сутыкацца з “егіпецкай цемрай”?

– Не, такога, дзякуй Богу, ужо няма. Цяпер людзі ўсе пісьменныя, ледзь што – ідуць за парадай да доктара. Таму выпадкаў, што прыходзілася за галаву хапацца ад метадаў самалячэння, не было. Усё ж адказнасць за дзіця – сур’ёзная рэч.

– Ваша дачка таксама доктар, прычым педыятр. Гэта ваш уплыў?

– Не, гэта яе свядомы выбар, я не настойваў, яна сама выбрала прафесію. А сын, дарэчы, з медыцынай зусім не звязаны. Ён мог бы стаць добрым футбалістам, нават уваходзіў у зборную вобласці. Перашкодзіў спартыўнай кар’еры разрыў звязак галёнкаступнёвага сустава.

– Кажуць, што вучыцца ніколі не позна. Падчас майго навучання ва ўніверсітэце, напрыклад, на завочнае аддзяленне паступіў чалавек, якому было больш за 70. Ці ёсць у вас жаданне чамусьці навучыцца?

– Усё ж больш хочацца адпачываць, чым вучыцца. Раней было шмат захапленняў, асабліва калі справа тычылася спорту. Вельмі люблю баскетбол. А вось забавы людзей старэйшага ўзросту накшталт дачы  – не для мяне. Мы мелі ўчастак у Маркоўцах, але на паездкі і апрацоўку глебы пайшло больш сіл і грошай, чым атрымалі ў выніку. Бульба вымерзла і давялося яе набываць. Пасля гэтага ад такога захаплення, як дача, я адмовіўся.

– Ці хацелі б вы штосьці змяніць у жыцці?

– Хацеў бы. Стаць такім жа маладым, як вы.

– А прафесію – калі б можна было пачаць нанова, змянілі б?

– Не, я люблю сваю працу – каб не любіў, не працаваў бы. І нікім, акрамя дзіцячага доктара, сябе не бачу.

Святлана СТАНКЕВІЧ.

 

Вайсковая служба  (Мар’ян Жук справа)

Image 620

Вайсковая служба (Мар’ян Жук злева)

Вяселле Мар’яна і Яніны, 1968 год.

Разам з дачкой, якая пазней абрала прафесію дзіцячага доктара.

Image 619

Падчас працы ўчастковым педыятрам.

 

Фота Андрэя РОГАЧА і з сямейнага архіва Мар’яна Жука.