Смеццевая звалка, міні-палігон цвёрдых камунальных адходаў, гарэў на гэтым тыдні ля вёскі Кайцені Аляхновіцкага сельсавета. Звалка, якая належыць раённай жыллёва-камунальнай гаспадарцы, стала сур’ёзнай праблемай для жыхароў Кайценяў.
У Аляхновіцкім сельскім Савеце паведамілі “РГ”: на пажары, якія пастаянна здараюцца на звалцы, паскардзілася дачка пажылых людзей, што жывуць у доме на краі вёскі. Але праблема не вырашаецца. Па словах сакратара сельсавета, яны адрэагавалі на скаргу і звярталіся ў раённую жыллёва-камунальную гаспадарку. Там адказалі: закрыць палігон немагчыма. Калі гэта зрабіць, смецце людзі будуць раскідаць ледзь не па ўсёй тэрыторыі сельсавета.

У аўторак, 4 жніўня, “РГ” пазваніла ў дзяжурную часць гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях. Па словах дзяжурнага, смецце на звалцы гарыць ужо дзён пяць. Але сёння пажар павінны быць ліквідаваны. Што тычыцца скаргаў людзей на непрыемны смурод ад гарэння, то ніхто з мясцовых жыхароў па медыцынскую дапамогу не звяртаўся.

Начальнік маладзечанскіх выратавальнікаў Вячаслаў Грынь у гэты ж дзень, 4 жніўня, сказаў у інтэрв’ю “РГ”: “Звалку патушыш, яна зноў узгараецца. Смецце апусцілася на вялікую глыбіню, і палігон цяпер нагадвае тарфянік. Зверху паліваць вадой яго бессэнсоўна, таму засыпаем пяском, каб абмежаваць доступ кіслароду. Сёння з агнём справіліся. Што будзе далей – невядома. Будзем высвятляць прычыны ўзгаранняў”.

Свае каментарыі па праблеме даў загадчык аддзялення камунальнай гігіены Занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Міхаіл Міхалевіч. Паводле яго слоў, узгаранні на міні-палігоне каля Кайценяў адбываюцца з-за таго, што не захоўваюцца правілы эксплуатацыі палігонаў цвёрдых камунальных адходаў.

Захоўваць гэтыя правілы павінна раённая жыллёва-камунальная гаспадарка. Неабходна перыядычна ўтрамбоўваць адходы, перасыпаць іх слоем грунту, пасля зноў трамбаваць.

Міхаіл Міхалевіч адзначыў, што за парушэнні правілаў утрымання палігона цвёрдых камунальных адходаў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ў маі і чэрвені двойчы штрафаваў раённую жыллёва-камунальную гаспадарку. Што тычыцца самога палігона, то ён размешчаны па санітарных нормах – на адлегласці 300 метраў ад бліжэйшага населенага пункта. Застаецца толькі правільна яго даглядаць.

Сяргей ЗЯНЬКО.