Гародніны на суму больш за пяць з паловай мільёнаў рублёў скралі невядомыя зламыснікі з цяпліцы сельгаспрадпрыемства на полі каля вёскі Маркава. Дырэктар прадпрыемства звярнуўся ў міліцыю 9 жніўня.

Прэс-цэнтр Мінскага абласнога ўпраўлення міліцыі паведаміў нашаму выданню, што невядомыя зладзеі ў ноч на 9 жніўня зламалі драўляны каркас і залезлі ў цяпліцу. Дакладны кошт скрадзенай гародніны складае 5 мільёнаў 504 тысячы 960 рублёў.

З цяпліцы вынеслі 700 кілаграмаў таматаў, 290 кілаграмаў перцу, 189 кілаграмаў капусты, 1081 кілаграм морквы, 480 кілаграмаў буракоў і 330 кілаграмаў рэпчатай цыбулі.

У гэту ж нядзелю, 9 жніўня, у міліцыю звярнулася 30-гадовая загадчыца магазіна прыватнага прадпрыемства “Супер Калор”. Яна заявіла, што ў перыяд часу ад 20 гадзін 10 хвілін 8 жніўня да 9 гадзін 9 жніўня невядомы злодзей зламаў ралеты, разбіў шкло і залез у магазін прадпрыемства на вуліцы Будаўнікоў.

З магазіна злачынца скраў 1 мільён 278 тысяч 90 рублёў. Следча-аператыўная група, якая выехала на месца здарэння, устанавіла: грошы ўкраў 31-гадовы непрацуючы, раней судзімы за крадзяжы маладзечанец. Міліцыі ўдалося канфіскаваць толькі частку скрадзенага.

Па абодвух выпадках узбуджаныя крымінальныя справы па артыкуле “Крадзеж”.

Сяргей ЗЯНЬКО.