Два дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх пацярпелі людзі, адбыліся раніцай і вечарам у суботу, 8 жніўня. У першым выпадку чэрапна-мазгавую траўму атрымала 53-гадовая жанчына, у другім – 22-гадовы мужчына.
Пра здарэнні паведаміў “РГ” інспектар маладзечанскай дзяржаўтаінспекцыі Дзмітры Стасюлевіч.

“Жыгулі” перакуліліся ў тумане

На першым кіламетры грунтавой аўтадарогі Маладзечна – вёска Цівідаўка – вёска Насілава раніцай у 5.50 аўтамабіль ВАЗ-2105, якім кіраваў 35-гадовы маладзечанец, на закругленні дарогі ўправа з’ехаў у правы па ходу руху кювет і перакуліўся. Той раніцай быў туман. Можна меркаваць, што вадзіцель няправільна выбраў хуткасць, машыну занесла і шафёр не справіўся з кіраваннем.

Пасажырка, якая сядзела на заднім сядзенні “Жыгулёў”, у выніку аварыі атрымала закрытую чэрапна-мазгавую траўму, страсенне мазгоў і закрыты пералом пазванка.

Ліхач наехаў на клумбу

8 жніўня ў 22.44 на Цэнтральнай плошчы 22-гадовы маладзечанец на матацыкле “Хонда” наехаў на клумбу. Кіроўца зваліўся з матацыкла. З закрытым пераломам левага пляча яго адвезлі ў бальніцу.

Матацыкліст ехаў па пешаходнай зоне паміж політэхнічным каледжам і помнікам Леніну ў бок вуліцы Віленскай, расказаў у інтэрв’ю “РГ” інспектар ДАІ Дзмітры Стасюлевіч. Як сцвярджалі відавочцы здарэння, кіроўца “Хонды” ліхачыў, ехаў на адным заднім коле. На шляху трапілася лужына. Магчыма, яна і стала прычынай здарэння. Па папярэдніх дадзеных, матацыкл “паслізнуўся”, ад чаго і наляцеў на клумбу.

Па абодвух дарожна-транспартных здарэннях дзяржаўтаінспекцыя праводзіць праверку.

Сяргей ЗЯНЬКО.