Рост злачынстваў, здзейсненых супраць састарэлых, адзначаецца апошнім часам у Мінскай вобласці.

У Вілейскім раёне ў жніўні і снежні 2008 года, а таксама ў красавіку 2009 года ў адносінах да пажылых людзей былі здзейсненыя тры дзёрзкія злачынствы, якія засталіся нераскрытымі, паведаміў “РГ” намеснік начальніка вілейскага райаддзела міліцыі Андрэй Дударчык.

Каля 14 гадзін 14 жніўня 2008 года ў вёсцы Асавец у дом №35 зайшлі тры жанчыны. Яны папрасілі гаспадыню, каб тая прадала ім бульбы. Гаспадыня адмовілася. Тады жанчыны схапілі яе за руку і, утрымліваючы, забралі з шафы 400 тысяч рублёў. Па словах пацярпелай, яе нязваныя госці былі падобныя на цыганак.

Днём 11 снежня 2008 года ў адну з кватэр дома №28 па вуліцы 17 Верасня зайшлі два мужчыны гадоў сарака. Гаспадару яны прадставіліся работнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сказалі, што ў кватэры трэба правесці нейкія рамонтныя работы. Пасля гэтага, пагражаючы расправай, вынеслі з кватэры кашалёк з 60 тысячамі рублямі, чатыры бутэлькі гарэлкі і пакет з прадуктамі.

У міліцыю з вёскі Саланое 5 красавіка 2009 года пазваніў 68-гадовы пенсіянер. Ён заявіў, што два злачынцы ў масках патрабуюць у яго сужытніцы грошы. Аператыўнікі, якія выехалі на месца здарэння, устанавілі: два мужчыны ў масках залезлі ў дом. Адзін з іх ударыў 69-гадовую гаспадыню нагой па назе. Жанчына павалілася. Рабаўнікі нанеслі яшчэ некалькі ўдараў па целу, звязалі сваю ахвяру, у рот засунулі кляп. Злачынцы забралі з дома 100 тысяч рублёў і мабільны тэлефон, пасля чаго збеглі.

Сяргей ЗЯНЬКО.