Сяджу на лавачцы пад шатамі дрэў ля гінекалагічнага аддзялення маладзечанскай бальніцы. Лета, цёпла, і на вуліцу, акурат закончылася ціхая гадзіна, пачынаюць выходзіць будучыя мамы.

дзін мой сусед, калі жонка была цяжарная, звычайна казаў: “Мая другая палавіна цяпер у цікавым становішчы”. Гляджу на жанчын, сама сабе ўсміхаюся. Усе паважныя, не ходзяць, а быццам плаваюць. Твары спакойныя, вочы шчаслівыя, самі ўсмешлівыя.

Сяброўка, якая другі раз сабралася стаць маці, калі ёй ужо падбіралася пад 40, неяк падзялілася: “Ты ведаеш, у час другой цяжарнасці я неяк прасцей стала глядзець на жыццё. Заўвагі начальніка са стадыі трагедыі перайшлі ў разрад рабочых момантаў. Не заўсёды добрыя адзнакі сына больш не злавалі, проста зразумела, што з ім трэба больш займацца. Ды і з мужам пераставалі канфліктаваць. Адносіны сталі як у першы месяц сямейнага жыцця. Усе трое мы чакалі з’яўлення на свет яшчэ аднаго члена нашай сям’і, і былі шчаслівыя”.

Суседка ж, наадварот, перыяд сваёй цяжарнасці ўспамінала як самы цяжкі ў сваім жыцці. Бо пяць месяцаў з дзевяці правяла ў бальніцы. Ён не дазвалялі ўставаць, хадзіць, “пасадзілі” на дыету. А так хацелася бліноў са смажаным салам!

Сапраўды, чаго ў гэтым цікавым становішчы не хочацца!? “Усю цяжарнасць без меры ела булкі і пячэнне”, — расказвае знаёмая. Яе родная сястра, калі чакала дзіця, дзень і ноч трушчыла салёныя агуркі ды кіслую капусту і ўсім расказвала, што абавязкова павінен нарадзіцца хлопчык. Бо калі б насіла дзяўчынку, то цягнула б на салодкае.

Салёныя агуркі аказаліся дрэнным індыкатарам. Восенню на свет нарадзілася дзяўчынка. Ды такая крыкуха і капрызуля, што сну не мела ўся сям’я. А як падрасла, дык не ведалі, чым карміць. Бо суп яна на дух не пераносіла, кашу выплёўвала, дзіцячыя мясныя кансервы не любіла. Гады ў два бабуля першы раз дала ёй невялікі кавалачак маласольнага агурка. Казалі, ела так, што ручкі трэсліся. “Во чаго ёй хацелася, — рагатаў дзед, – а то сунуць кашу”.

Ірыне ў час цяжарнасці не хацелася ні цукерак, ні агуркоў. На яду яна наогул глядзець не магла. І першыя месяцы жыла, як казала маці, святым духам. Яе ванітавала толькі ад аднаго погляду на яду. На кухню, каб зрабіць сабе чай, яна выходзіла, заціснуўшы нос, а калі маці смажыла катлеты, збягала з дому.

“А якія ж цяжарныя капрызныя! І ўсё ім не так, і ўсё не гэтак, – расказвае жанчына, якая доўгі час працавала медсястрой у аддзяленні паталогіі. – Чуць вочы пралупіла, адразу ж тэлефануе мужу. Маўляў, будзеш ісці на працу, зайдзіся, прынясі мне “Снікерс”. Не прайшло і гадзіны, гляджу, сядзіць на калідоры, плача. “Што, не прынёс?” – пытаюся ў маладзіцы. “Прынёс, але “Марс”, а я хацела “Снікерс”, – адказвае тая праз слёзы. Цьфу ты, узяла ды з’ела. Якая там розніца. А яна яшчэ нервы яму псуе”.

Я канешне ж, пасмяялася. Але падумала, што жанчынам усё адно цяжэй, чым мужчынам. Паспрабуй вынасі дзіця, нарадзі. Ды яшчэ мужу дагадзі. Кожнаму ж хочацца, каб сын быў, наследнік. Адзін “герой” жонцы так і заявіў: “Будзе дачка, з бальніцы не забяру”. У час ультрагукавога даследавання ёй ужо сказалі, што народзіцца дзяўчынка. Мужу пакуль не сказала. Да родаў яшчэ тры месяцы. Няхай спіць спакойна. Перажываць пасля будзе.