Цёплы жнівеньскі дзень. Сонца не проста свеціць, яно – смаліць. Тром мужчынам і жанчыне, якія абедаюць ля кастра, не горача. За гады, што жывуць пад адкрытым небам, яны прызвычаіліся да ўсяго: і да спёкі, і да марозу, і да ганьбы з боку людзей, якія глядзяць на іх, бамжоў, з пагардай.
Цёплы жнівеньскі дзень. Сонца не проста свеціць, яно – смаліць. Тром мужчынам і жанчыне, якія абедаюць ля кастра, не горача. За гады, што жывуць пад адкрытым небам, яны прызвычаіліся да ўсяго: і да спёкі, і да марозу, і да ганьбы з боку людзей, якія глядзяць на іх, бамжоў, з пагардай.

У кустах, недалёка ад чыгуначнага прыпынку “Фестывальны”, яны жывуць трэці год. Кажуць, што за гэты час нават паспелі пабудаваць сабе нешта накшталт хацін. Ды вясной, хутчэй за ўсё моладзь, іх спаліла. У агні згарэлі і дакументы, і верхняе адзенне, і такая-сякая бялізна. Цяпер ад дажджу і ветру хаваюцца ў будане, зробленым на хуткую руку, ды вось-вось збіраюцца зноў заняцца “будаўніцтвам”. У кучцы пад кустом ужо ляжыць некалькі дошак ды цэлафан, якім будуць уцяпляць сваё жыллё.

“Гэтых людзей я ведаю даўно, – расказвае інспектар прафілактыкі Маладзечанскага аддзялення ўнутраных спраў на транспарце Аляксандр Лазавік, – яны мірныя, спакойныя, не робяць ніякай шкоды. Ніхто не заўважаў, каб хадзілі па чыгуначных пуцях альбо рабілі што-небудзь забароненае. Таму і не чапаем іх. Жывуць, і няхай сабе жывуць”.

Аляксандр кажа, што ніколі не адносіўся да людзей без пэўнага месца жыхарства дрэнна. Маўляў, у кожнага свой лёс. Тым не менш лічыць, што ў такую сітуацыю трапляюць пераважна бязвольныя, слабахарактарныя людзі, якія часам не могуць справіцца са сваімі праблемамі. Адразу яны губляюць работу, пасля сям’ю, кватэру. За чаркай, у кампаніі сяброў б’юць сябе ў грудзі і кажуць, што абавязкова вернуць статус і дакажуць, хто яны на самой справе. А пасля здаюцца і знаходзяць у сваім ладзе жыцця нават нейкія плюсы: дрэнна жыць пад адкрытым небам, але не трэба з васьмі да пяці стаяць на заводзе ля станка, не атрымліваеш зарплату – дык яна і не патрэбная. Не трэба ж ні за кватэру, ні за адукацыю дзецям плаціць. Прайшоў дзень і добра…

“У мяне былі дом і сям’я”

З чатырох чалавек, што жывуць у кустах ля прыпынку “Фестывальны”, з журналістам пагадзіўся пагаварыць толькі мужчына, які назваўся Іванам Іванавічам. Пра сябе ён расказваў хутка, складна і, як мне здалося, з нейкім выклікам. “Вы пытаецеся, як людзі становяцца бамжамі, – пачынае ён сваю споведзь, – тады слухайце. Некалі я жыў у Слуцку. Быў і мужам, і бацькам, разам з жонкай падымалі двух сыноў, і паважаным на рабоце чалавекам. Працаваў вадзіцелем, мая палавіна – бухгалтарам. Разумная жанчына была, Горацкую сельгасакадэмію з чырвоным дыпломам закончыла, але няшчасная. У 38 гадоў памерла. І мы з дзецьмі сталі вучыцца жыць адны. Як выходзіла, так выходзіла. А пасля я аднаму мужчыну вырашыў “уставіць мазгі”. Далі шэсць гадоў.

 Сваё пакаранне адбываў у адной з вёсак Маладзечанскага раёна . Там пазнаёміўся з жанчынай. Сышліся, жылі. Аднойчы яна паехала на вяселле, я ў гэты час хаўтурыў, крыў дах. “Ты мне хоць гасцінца якога прывезла?” – спытаўся ў жонкі, калі вярнулася дадому. Канешне ж, яна пра мяне не ўспомніла. Пакрыўдзіўся, купіў бутэльку, выпіў. Яна выклікала міліцыю і пасадзіла на 10 сутак. Выйшаў і больш да яе не паехаў. Вось трэці год пайшоў, як жыву на вуліцы. Няма куды ні ехаць, ні ісці”.

“А дзеці што, не прымуць?”  – пытаюся ў мужчыны. “Дзеці выраслі, паспелі абзавесціся сваімі сем’ямі. Я не хачу ім перашкаджаць. Тым больш, што на ногі станавіліся без мяне і многага ў жыцці паспелі дабіцца”. “А што далей”, – запаўняю я паўзу ў размове. “Далей буду ладзіць які-небудзь будан, каб перажыць восень і зіму, – гаворыць Іван. А там – што Бог дасць. Жыць не проста, хто ведае, што можа здарыцца заўтра. Вясной, напрыклад, калі быў налёт на нашы домікі, Сашку далі кастылём па галаве і выбілі зуб.

“Я не прапаў дзякуючы Івану”

Пачуўшы сваё імя, да нас падыходзіць мужчына. “Вось яго пабілі”, – паказвае мой субяседнік. “А што вас прымушае жыць у гэтым шалашы?” – пытаюся ў мужчыны. Ён уціскае галаву ў плечы, вінавата ўсміхаецца і маўчыць. “Сашка няшчасны чалавек, інвалідам нарадзіўся”, – уступае ў размову адзіная ў гэтай кампаніі жанчына і пачынае плакаць. “Не раві ты”, – сунімае яе Іван і, вырашыўшы, што гэта парачка нічога путнага, мабыць, не скажа, пачынае расказваць Сашкаву гісторыю сам.

Маўляў, жыў мужчына да гэтага ў Мінску. Ад нараджэння інвалід, бо не мае рукі. Выхоўваўся ў дзіцячым доме, пасля вучыўся, жаніўся. У адзін год страціў усю сям’ю: і жонку, і сына. Кватэру яго прадалі (хто і чаму, я так і не змагла высветліць), і мужчына аказаўся на вуліцы. Нейкі час ён быццам бы жыў у Маладзечне ў доме для састарэлых і інвалідаў. Пасля яго расфарміравалі, а Сашку прапанавалі пераехаць у Капыль. Ён  пабаяўся, таму што там інтэрнат закрытага тыпу, ды пайшоў бамжаваць.

“Я знайшоў яго зімой пад балконам жылога дома, – успамінае Іван. – Раніцай збіраў там бутэлькі, гляджу, ногі нейчыя тырчаць. Яшчэ б колькі часу і мужык замерз. Ну, што рабіць, прывёў яго да сябе ў лагер. З таго часу разам”. “Я жывы дзякуючы Івану, – нарэшце ўступае ў размову Сашка. – Мне нядрэнна, але жыць тут не хачу. Калі б была магчымасць, паехаў бы ў інтэрнат у Мінск ці Лагойск. Я інвалід ІІ групы, мяне б узялі. Але дакументы згарэлі, а новыя я так і не зрабіў”.

“Жывём, як жывём”

Умовы, у якіх жывуць гэтыя людзі, антысанітарныя. На палянцы, дзе раскінуўся іх шалаш, зробленая  імправізаваная печка для прыгатавання ежы і стаіць посуд, горы смецця і бруду. Тэрыторыя навокал нагадвае звалку, пах таксама аналагічны. Ваду да нядаўняга часу, каб прыгатаваць ежу, памыцца, яны бралі з крынічкі. Гэтым летам яна перасохла. Цяпер ходзяць у прыватны сектар альбо да калонкі.

Кажуць, што жывуць добра і ўсяго ім хапае, бо зарабляюць. А свой рабочы дзень пачынаюць у дзве гадзіны ночы. Збіраюць бутэлькі, каляровы метал, затым здаюць. У “халадзільніку” (яго ролю выконвае стары эмаліраваны бачок) заўсёды ёсць прадукты. Хапае і ім, і 12 катам, якіх падкормліваюць.

“Жывём, як жывём, – кажа нам на развітанне Іван. – Так, відаць, наканавана. Вы ж самі ведаеце: бамжамі не нараджаюцца, імі – становяцца. І кожны да гэтага ідзе па-свойму”.

Пра што думала па дарозе ў рэдакцыю? Пра жыццё, у якім намешана ўсяго: радасці, гора, шчаслівых хвілін, болі, няшчасцяў, праблем, якія розныя людзі вырашаюць па-рознаму. Адны ўмеюць выйсці сухімі з вады, другія падаюць на самае дно і не хочуць ці не могуць падняцца. І тым не менш, калі каму-небудзь нават з нас, як таму ж Сашку, што замярзаў пад балконам, будзе дрэнна – яны пасунуцца і дадуць месца ля кастра, каб сагрэцца. У той час, калі дзелавы ўдачлівы мужчына на дарагім аўто нават не паглядзіць у наш бок.

Пакуль цёпла, многія з гэтай кампаніі спяць на вуліцы. На зіму збіраюцца будаваць сабе хаціну.

Марына СЛІЖ.