Вілейскія весляры ўдала выступілі на рэспубліканскіх спаборніцтвах па веславанні на байдарках і каноэ, якія праходзілі ад 10 да 16 жніўня ў Брэсце.


Вілейскія весляры ўдала выступілі на рэспубліканскіх спаборніцтвах па веславанні на байдарках і каноэ, якія праходзілі ад 10 да 16 жніўня ў Брэсце.

У Брэст ездзілі вілейскія байдарачнікі, выхавальнікі Сяргея Пучкіна і яго сына Андрэя. Вазіў на спаборніцтвы спартсменаў Андрэй, а пра вынікі выступленняў у інтэрв’ю “РГ” расказаў яго бацька.

Па словах Сяргея Пучкіна, ад 10 да 12 жніўня праходзілі Алімпійскія дні моладзі Рэспублікі Беларусь. Гонар Вілейкі ў складзе зборнай Мінскай вобласці тут абаранялі Святлана Шушкевіч 1992 года нараджэння і Аляксандр Шылько (1993).

Святлана заняла першае месца ў заплыве К-2 (байдарка-двойка) на дыстанцыі 500 метраў. Аляксандр Шылько ў экіпажы К-4 (байдарка-чацвёрка) стаў другім на дыстанцыі 1000 метраў.

Пасля Алімпійскіх дзён моладзі пачалася спартакіяда дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Беларусі, якая праходзіла ад 12 да 16 жніўня. Усяго ў спаборніцтвах удзельнічалі 320 спартсменаў з 30 школ. Тут вызначылася віляйчанка Кацярына Качан 1995 года нараджэння.

Каця двойчы падымалася на вышэйшую ступеньку п’едэстала. Першыя месцы яна заняла ў экіпажы К-2 на дыстанцыі 1000 метраў, а таксама ў эстафеце 4 па 500 метраў на байдарцы-адзіночцы К-1.

Сяргей ЗЯНЬКО.