Пажарныя ў ноч на 16 жніўня выратавалі ад смерці 33-гадовага мужчыну, які ў сваёй кватэры аднаго з дамоў на вуліцы Чырвонаармейская заснуў п’яны з непатушанай цыгарэтай.

Інжынер дзяржаўнага пажарнага нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Грыневіч расказаў у інтэрв’ю “РГ”: пажар здарыўся каля дзвюх гадзін ночы ў пакоі чатыры на чатыры метры трохпакаёвай кватэры на першым паверсе пяціпавярховага дома.

Пах дыму адчулі суседзі і ў 2.05 патэлефанавалі па 101. У 2.08 выратавальнікі былі на месцы. Праз тры хвіліны пажар быў лакалізаваны, яшчэ праз шэсць хвілін з агнём справіліся канчаткова. У кватэры мужчына жыве са сваёй 54-гадовай маці, абое нідзе не працуюць.

Гаспадыні гэтай ноччу дома не было. А яе нецвярозага сына пажарныя вынеслі на свежае паветра. Каб яшчэ крыху часу ён паспаў у задымленым памяшканні – смерці б не пазбегнуць.

Агнём пашкоджаны пакой, а таксама канапа і пасцельная бялізна на ёй. Гэта і дае выратавальнікам падставу меркаваць, што прычынай узгарання стаў неасцярожна кінуты акурак. Шкода, нанесеная агнём, па папярэдніх падліках, складае каля 500 тысяч рублёў. Гісторыя не закончылася трагедыяй дзякуючы пільнасці суседзяў, якія своечасова адчулі пах дыму і адразу выклікалі пажарных, сказаў Алег Грыневіч.

Сяргей ЗЯНЬКО.