Ноччу 15 жніўня недалёка ад сярэдняй школы №7 у траншэю цеплатрасы, якая не была агароджаная, зваліўся 30-гадовы прахожы. Ад атрыманых траўмаў мужчына днём памёр у бальніцы.

Па факце здарэння праводзіць праверку пачала раённая пракуратура. Следчы пракуратуры Сяргей Боландзь расказаў у інтэрв’ю “РГ”: паводле запісаў у медыцынскай карце пацярпелага, уваліцца ў траншэю ён мог каля трох гадзін ночы, у бальніцу траўмаванага даставілі каля дванаццаці гадзін дня. Дактары змагаліся за жыццё мужчыны, але выратаваць яго не ўдалося. Папярэдняя прычына смерці – тупая траўма жывата.

Па словах Сяргея Боландзя, ля сёмай школы вядзецца планавая замена труб цеплатрасы, якую праводзіць адно з прадпрыемстваў горада. Глыбіня траншэі – прыкладна тры метры. Трубы ўкладваюцца ў прамавугольны жалезабетонны жолаб з выступаючымі краямі па перыметры. Можна меркаваць, што пацярпелы пасля падзення ў траншэю ўдарыўся аб край жолаба.

“Чаму траншэя не была агароджаная ці абнесеная папераджальнай стужкай? Хто ў гэтым вінаваты? На пытанні павінна адказаць праверка, якую мы праводзім, – кажа следчы. – Такое разгільдзяйства работнікаў прадпрыемства тым больш здзіўляе, што каля траншэі гуляюць дзеці”.

Экспертыза таксама павінна адказаць на пытанне, ці цвярозы быў сам пацярпелы.

Сяргей ЗЯНЬКО.