Жыхары вуліц Молакава і Інтэрнацыянальная абураныя адкрыццём двухбаковага аўтамабільнага руху па праезнай частцы іх вуліц. Намеснік старшыні райвыканкама па жыллёва-камунальнай гаспадарцы Аляксандр Сталыга лічыць скаргі жыхароў неабгрунтаванымі.


Святаслаў Ганчарык жыве на Молакава ў доме №50. Ён расказвае: паласу сустрэчнага руху па яго вуліцы адкрылі 22 ліпеня. Прычым ад пачатку размовы вяліся пра тое, што двухбаковай стане толькі Інтэрнацыянальная.

За адны суткі, не папярэджваючы жыхароў, на Молакава паставілі дарожныя знакі і пусцілі транспарт у два бакі. Святаслаў Ганчарык лічыць, што іх вуліца занадта вузкая для двухбаковага руху. Да таго ж, праз яе ідзе дарога да Вілейскай міні-ЦЭЦ і лясгаса, у якім для гэтай міні-ЦЭЦ рыхтуюць драўляныя шчэпкі. Кожны дзень, асабліва з раніцы, па Молакава ад 22 ліпеня пачалі ездзіць вялікія грузавікі, гружаныя лесам-кругляком і шчэпкамі.

Не гаворачы ўжо пра страшэнны грукат, з-пад колаў у вокны прыватных дамоў, што стаяць паабапал вуліцы, ляціць смецце, а падчас дажджу – пырскі. “А неўзабаве ад мікрараёна Незалежнасці па нашых вузкіх вулачках пойдуць у першую і трэцюю школы дзеці, – кажа Святаслаў Ганчарык. – Што казаць, калі нядаўна у жанчыны, якая ішла па тратуары, машына выбіла з рукі поліэтыленавы пакет”.

Адкрыццё двухбаковага руху па Молакава і Інтэрнацыянальнай звязана з тым, што Вілейка перагружаная транспартам і трэба адкрываць новыя транспартныя сеткі, сказаў у інтэрв’ю “РГ” намеснік старшыні райвыканкама па жыллёва-камунальнай гаспадарцы Аляксандр Сталыга.

Скаргі людзей Аляксандр Сталыга называе эмацыйнымі і неабгрунтаванымі. Калі вуліцы Молакава і Інтэрнацыянальная былі з аднабаковым рухам, па словах намесніка старшыні, з-за затораў немагчыма было праехаць па вуліцы 17 Верасня. Цяпер яна разгружаная. Аляксандр Сталыга адзначыў: зацверджаныя і ўзгодненыя з дзяржаўтаінспекцыяй схемы арганізацыі дарожнага руху. Вуліцы адпавядаюць усім параметрам двухбаковага руху. А людзі… Прывыкнуць, і ўсё будзе ў парадку.

На вузкай вуліцы Молакава ў Вілейцы з-за аўтамабіля “Пежо”, які раптам спыніўся і ўключыў аварыйку, вадзіцель “Жыгулёў” вымушаны быў прытармазіць і прапускаць грузавыя машыны, што ехалі насустрач.

Сяргей ЗЯНЬКО. Фота аўтара.