Дзве крымінальныя справы па артыкулах “Крадзеж” і “Угон транспартнага сродку” ўзбудзіла міліцыя 15 жніўня. Цікава, што ў абодвух выпадках зламыснікі паквапіліся на адну і тую ж марку машыны – “Жыгулі” шостай мадэлі.


Начальнік дзяжурнай часці райаддзела міліцыі Ігар Шупенька паведаміў “РГ”: у Чысці 14 жніўня каля паловы дзесятай вечара непрацуючы 27-гадовы жыхар мястэчка зайшоў у двор дома №22 на вуліцы Палявая. Адкрыў незамкнёныя “Жыгулі”, сеў у машыну, завёў матор, праехаў два метры і… ўрэзаўся ў гараж, які стаяў на падворку. Гора-ўгоншчыка затрымаў сам 50-гадовы гаспадар машыны, які выбег з дома.

Крымінальная справа ўзбуджаная па першай частцы 214 артыкула – “Угон аўтадарожнага транспартнага сродку без мэты крадзяжу”. Караецца злачынства абмежаваннем свабоды на тэрмін ад двух да пяці гадоў альбо пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў.
А вось злачынства, здзейсненае ў Маладзечне ў ноч на 15 жніўня, міліцыя кваліфікавала як крадзеж. У перыяд часу ад 22.30 пятніцы, 14 жніўня, да 7 раніцы 15 жніўня з двара дома №24 па вуліцы Будаўнікоў знікла таксама шасцёрка “Жыгулёў”. 44-гадоваму жыхару была нанесеная шкода на суму 2 мільёны 300 тысяч рублёў.

Следча-аператыўная група міліцыі ў гэтым выпадку аказалася сапраўды аператыўнай. Сышчыкі спынілі “Жыгулі” ў 11.30 каля дома №27 на вуліцы Гагарына ў Палачанах. Аўтамабіль быў у тэхнічна спраўным стане. За рулём быў 24-гадовы непрацуючы маладзечанец, раней быў судзімы за ўгоны машын. Цяпер яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Сяргей ЗЯНЬКО.