Два паражэнні запар на сваім стадыёне пацярпела “Маладзечна”. 13 жніўня мы саступілі лідэру чэмпіянату “Рудзенску”, праз тры дні ў нас выйграў “Слуцкцукар”.

 


Словы, вынесеныя ў загаловак, – характарыстыка нашых нападаючых, якую даў у інтэрв’ю “РГ” трэнер каманды Віталь Казяк пасля гульні са Слуцкам. Можа, гэта і занадта эмацыйна, але ў матчы згулялі ўсе чатыры форварды, і ніводным з іх трэнерскі штаб не застаўся задаволеным, нягледзячы на два забітыя мячы. Былі прэтэнзіі да нападзення і пасля гульні з Рудзенскам.

Рэванш не адбыўся

Матч з лідэрам чэмпіянату праходзіў у чацвер, у будны дзень. Нашы ветэраны прыйшлі на гульню, адпрацаваўшы на сваіх асноўных рабочых месцах, і, магчыма, сіл на ўвесь матч і не хапіла. Тым не менш, Аляксандр Гармаза і Віталь Казяк спадзяваліся: каманда здолее ўзяць рэванш за паражэнне ў першым крузе, тым больш, што і тады мы глядзеліся не слабей за саперніка.

Госці пачалі актыўней. Ужо на чацвертай хвіліне адзначыліся двума ўдарамі па варотах Косці Сашчанкі, праўда, абодва разы мяч праляцеў міма рамкі. Нашы адказалі адразу. Удар Дзмітрыя Касцюка адбіў варатар, а Сяргей Корсак галавой прабіў вышэй варот.

На 10 хвіліне мяч чыркануў па нашай перакладзіне, а на 23 пасля падачы Сяргея Дараховіча прадмет гульні з галавы ўсё ж таго Корсака зняў рудзенскі галкіпер. Яшчэ праз дзесяць хвілін злева па варотах б’е Віталь Чарноў, варатар адбівае на Корсака, Сяргей пераводзіць мяч на Аляксандра Грыхуціка, Саша б’е крыху вышэй перакладзіны.

На 42 хвіліне выручае Сашчанка, які своечасова выйшаў з варот і нагамі выбіў мяч з-пад ног рудзенскага футбаліста. Бадай, найлепшую магчымасць забіць на 43 хвіліне гульні меў Грыхуцік. Саша сам сабе яе і стварыў. Адным рухам ён прыбраў пад сябе двух абаронцаў, прабіў, але гасцей выручыла правая стойка варот.

З гэтым пайшлі на перапынак. А лёс матча на 50 хвіліне гульні вырашыў удар паўабаронцы гасцей у верхні вугал маладзечанскіх варот. Перад гэтым футбаліст абыграў Сяргея Дразда, а Дзмітры Вышынскі не паспеў на падстрахоўку. Адыграцца нашы так і не здолелі. Віталь Казяк адзначае, што Рудзенск добра пабудаваў гульню ад абароны. Госці своечасова перакрывалі свабодныя зоны, каб у іх не маглі ўрывацца нашы паўабаронцы і нападаючыя.

Шок і нечаканасць

Шокам і нечаканасцю назваў Віталь Казяк вынік гульні са “Слуцкцукрам”. Пасля першага тайма мы вялі 2:0 і ўмудрыліся ў другой палове гульні прапусціць тры безадказныя мячы ў свае вароты.

А як цудоўна ўсё пачыналася! Ужо на восьмай хвіліне матча класічную камбінацыю разыгралі Грыхуцік з Космачам. Саша злева навесіў на штрафную, а Сяргей, апярэдзіўшы абаронцаў, галавой закалаціў мяч у сетку – 1:0. У першым тайме гульня ішла на сустрэчных курсах, а пад яго завяршэнне случчане ўсё настойлівей пагражалі варотам Сашчанкі.

Нашы падселі, і падумалася: не прапусціць бы “гол у раздявальню”. Ды здарылася наадварот. “Гол у раздзявальню” быў забіты ў вароты гасцей. На кампенсаванай хвіліне гульні вызначыўся Раман Вінцукоўскі, які яшчэ на пачатку гульні замяніў траўмаванага Дзмітрыя Касцюка. Рома прабіў, здавалася б, не вельмі і моцна ў ніжні левы ад варатара вугал варот. І галкіпер памыліўся і прапусціў гэту плюху.

Другі тайм нават успамінаць не хочацца. Нашы селі канчаткова. Прапускалі мы на 63, 75 і 77 хвілінах гульні. Каманду было не пазнаць. У нападзенні гулялі ніяк. Карацей, усё сумна, дзіўна, незразумела. І засталася куча пытанняў…

Сяргей ЗЯНЬКО.

У гэтым эпізодзе варатар “Слуцкцукра” забярэ мяч у рукі.  Фота аўтара.

Турнірная табліца:
1. Рудзенск         38
2. Вертыкаль       33
3. Гарадзея         28
4. Зорка-БДУ       28
5. Асіповічы         26
6. Слуцкцукар     23
7. Нёман             23
8. Клечаск           22
9. Маладзечна     20
10. Жлобін          18
11. Лівадзія         14
12. Мясакамбінат 11
13. Бяроза          11
14. Орша            10