Суд Вілейскага раёна ў пятніцу, 21 жніўня, вынес прыгавор 33-гадоваму віляйчаніну, прызнаўшы яго вінаватым ў дарожна-транспартным здарэнні, у якім загінуў вілейскі краязнаўца Віталь Кастэнка.

Прысуд – чатыры гады зняволення.

Абвінавачанне ў судзе падтрымлівала памочнік пракурора раёна Кацярына Прадко.

У інтэрв’ю нашаму выданню Кацярына расказала: яна прасіла суддзю Юрыя Абрамчыка прызнаць падсуднага вінаватым у парушэнні правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. А таксама ў заведамым пакіданні ў небяспецы пацярпелага, якога сам жа абвінавачаны паставіў у небяспечнае для жыцця становішча.

Па адным артыкуле абвінаваўца прасіла прыгаварыць падсуднага да чатырох гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права кіраваць транспартнымі сродкамі на працягу пяці гадоў. Па другім артыкуле – да двух гадоў пазбаўлення волі. Абставінамі, якія абцяжарылі віну па пакіданні ў небяспецы, па меркаванні пракуратуры, з’яўляецца стан алкагольнага ап’янення ў момант здзяйснення злачынства.

Суд пагадзіўся з довадамі дзяржаўнага абвінаваўцы. Часткова склаўшы пакаранні, суддзя прыгаварыў падсуднага да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суд таксама прымяніў 10 артыкул закона аб амністыі і часткова, на адзін год, вызваліў абвінавачанага ад пакарання. У выніку – чатыры гады зняволення.

На судзе былі задаволеныя іскі пацярпелых – дачкі, сына і жонкі Віталя Кастэнкі. Ад уладальніцы аўтамабіля “Фіят Тыпа” ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды яны павінны атрымаць 10 мільёнаў 500 тысяч рублёў. Уладальніца “Фіята”, якая перад здарэннем прадала аўтамабіль абвінавачанаму, але не аформіла здзелку афіцыйна, у сваю чаргу можа падаваць іск аб кампенсацыі на падсуднага, які фактычна знаходзіўся за рулём машыны.

Адвакат абвінавачанага Анатоль Клімовіч 24 жніўня у інтэрв’ю нашаму выданню адзначыў: скардзіцца ў Мінскі абласны суд яны будуць абавязкова, як толькі ён атрымае з Вілейскага суда пісьмовую копію прыгавору.

Нагадаем: аўтамабіль збіў Віталя Кастэнку вечарам 20 сакавіка, калі ён ехаў на веласіпедзе. Ад атрыманых траўмаў вілейскі краязнаўца памёр. Яму было 59 гадоў.

Сяргей ЗЯНЬКО.