У чарговым туры чэмпіянату Мінскай вобласці па футболе з буйнымі лікамі выйгралі “Забудова-2007” і “Беразінскае”. Вілейская “Вілія” саступіла дома камандзе Мінскага раёна “Прысталічча”.
Чысцінская “Забудова” не выканала праграму-максімум на гэты сезон – выйграць і кубак, і чэмпіянат вобласці. 13 жніўня чысцінцы ў Дзяржынску ў фінале кубка саступілі “Жодзіну-2007” з лікам 2:3 і развіталіся з надзеяй стаць абсалютным чэмпіёнам вобласці.

Стаць проста чэмпіёнам шансы, як і раней, застаюцца вельмі добрыя. Быццам бы раззлаваўшыся самі на сябе за няўдачу ў Дзяржынску, забудоўцы ў мінулыя выхадныя не пакінулі каменя на камені ў Смалявічах ад аўтсайдэра “Штотц-Агра-Сэрвіса” – 5:0.

А беразінцы ўвесь першы тайм дома не ведалі, што рабіць з упартым “Клецкам”. Так нічога і не зрабілі. Першая палова гульні закончылася з пачатковымі нулямі на табло.

Але ў другім тайме гледачы ўбачылі іншую каманду. Сказаліся і замены. На поле выйшлі вопытныя Сяргей Дрозд і Дзмітры Касцюк. Прапусцілі ўсё ж мы першыя. На 68 хвіліне пасля ўдару са штрафнога неяк нязграбна скочыў за мячом Косця Сашчанка – 0:1.

А пасля пачаўся разгром. На 71 хвіліне ўдарам злева раўнавагу аднавіў Вадзім Ціткоў. Праз пяць хвілін ён жа выводзіць каманду наперад пасля цудоўнага пераводу справа налева Рафаіла Карафанава. На 84 хвіліне дакладным ударам злёту лік 3:1 робіць Сяргей Корсак, а на апошняй хвіліне гульні Ціткоў афармляе хет-трык – 4:1.

Вілейская Вілія зноў апусцілася ў зону вылету. Віляйчане ў дамашняй гульні з “Прысталіччам” не здолелі нават нічэйку зачапіць – 1:2.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца:
1. Забудова-2007……41
2. Беразінскае……….34
3. Лівадзія-Юні……….34
4. Нёман………………28
5. Клецк……………….28
6. Жодзіна-2007……..27
7. Аўтамабіліст……….27
8. Прысталічча……….27
9. Рудзенск-2…………17
10. Старыя Дарогі……16
11. Любань……………12
12. Колас………………12
13. Вілія………………..11
14. Штотц-Агра-Сэрвіс 5