Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле “Заведама лжывае паказанне” ў адносінах да дзвюх жанчын 1946 і 1964 гадоў нараджэння, якія на судовым пасяджэнні 26 чэрвеня спрабавалі падмануць суд, сцвярджаючы, што 18-гадовы хлопец не ўдзельнічаў у крадзяжы.
Следчы пракуратуры Маладзечанскага раёна Андрэй Жукоўскі ў інтэрв’ю нашаму выданню паведаміў: суд разглядаў крымінальную справу па другой частцы 205 артыкула – “Крадзеж, здзейснены групай асоб”. З гандлёвага кіёска хлопцы скралі прадукты.

44-гадовая маці аднаго з абвінавачаных сцвярджала, што ў час злачынства яе 18-гадовы сын знаходзіўся дома. Тое, што хлопец быццам бы не ўдзельнічаў у крадзяжы, пацвердзіла таксама 63-гадовая знаёмая абвінавачанага.

Суд устанавіў: паказанні сведкаў ілжывыя. Цяпер яны самі адкажуць перад законам. Калі следства дакажа іх віну і ў судзе яна пацвердзіцца, жанчынам пагражае штраф альбо выпраўленчыя работы на тэрмін да двух гадоў, альбо арышт на тэрмін да шасці месяцаў ці абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў.

Сяргей ЗЯНЬКО.