Васемнаццаць выпадкаў крадзяжоў з арганізацый, прадпрыемстваў і ў прыватных асоб, якія здзяйсняў 58-гадовы жыхар вёскі Каштаноўка на працягу пяці гадоў, даказаў раённы суд 18 жніўня. Акрамя гэтага ў віну мужчыну пастаўленае незаконнае захоўванне дзвюх вінтовак.
Абвінавачанне Мікалаю А., які працаваў зваршчыкам на адным з прадпрыемстваў, было прад’яўленае па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Але прыгавор вынесены не быў. Згодна з заключэннем судова-псіхіятрычнай экспертнай камісіі, Мікалай пакутуе на хранічнае псіхічнае захворванне – параноідную шызафрэнію.

Падчас здзяйснення злачынстваў абвінавачаны не разумеў сваіх дзеянняў. Таму суд Валожынскага раёна вынес пастанову: Мікалая А. вызваліць ад крымінальнай адказнасці з-за стану поўнай адсутнасці памяці пры здзяйсненні злачынстваў. Па пастанове суда Мікалая будуць прымусова лячыць у псіхіятрычнай бальніцы.

Першы крадзеж, які даказаў суд, абвінавачаны здзейсніў у маі 2004 года. З цэху разліву пітной і мінеральнай вады прадпрыемства “СВЕЯ”, які размешчаны на вуліцы Чапаева ў райцэнтры, зламыснік вынес пнеўмакампрэсар, пнеўмадрэль і шліфавальную машынку. Прадпрыемству была нанесеная шкода на суму больш за 800 тысяч рублёў.

Апошні даказаны факт – крадзеж алюмініевага борта з паўпрычэпа, што стаяў на прыватным падворку ў вёсцы Цімкавічы. Кошт борта – 400 тысяч рублёў. Злачынства было здзейсненае ў маі 2009 года.

У прамежку паміж гэтымі злачынствамі Мікалай на працягу пяці гадоў краў усё, што дрэнна ляжыць з дамоў, прысядзібных участкаў, будаўнічага вагончыка ў Валожыне і вёсках Каштаноўка, Шапавалы, Родзеўшчына, Бурнейкі, Брылькі, Гардынава, Цімкавічы, Адамполе.

Сярод скрадзенага – бензапіла, два тэлевізары, дэкаратыўныя рогі аленя, мотаблок, сталярныя сякеры, рубанкі, аўтамабільны акумулятар, складныя металічныя крэслы, гумовая лодка, пыласос, шліфавальная машынка, насценны гадзіннік, армейскі камуфляжны касцюм.

Агульны кошт скрадзенага склаў каля 10 мільёнаў рублёў. Раскрыўшы злачынствы, міліцыя канфіскавала і вярнула гаспадарам амаль усе рэчы, за выключэннем нейкіх дробязяў.

Незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі – асобны артыкул Крымінальнага кодэкса. Як высветліла праведзенае следства, Мікалай ад 1998 года да 19 мая 2009 года на гарышчы сваёй паветкі хаваў вінтоўку сістэмы Маўзера калібрам 7,92 міліметра ўзору 1898 года выпуску, а таксама вінтоўку “WALTHER” мадэлі “Deutfches Gportmodell” калібру 5,6 міліметра. Зброя 19 мая была канфіскаваная падчас правядзення вобыску, на які даў санкцыю пракурор.

Згодна з заключэннем экспертаў ад 11 чэрвеня, вінтоўкі з’яўляюцца наразной агнястрэльнай зброяй, яны спраўныя і прыгодныя для стральбы. Следства не высвятляла, адкуль у абвінавачанага стрэльбы. Пасля заключэння медыцынскіх экспертаў, усе следчыя дзеянні ў адносінах да Мікалая былі спыненыя.

У гэтай гісторыі ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў засталіся два пытанні, на якія цяжка атрымаць адказы. Першае: чаму сваякі, ведаючы пра хваробу Мікалая, не займаліся яго лячэннем? І другое: хто дапусціў чалавека, хворага на шызафрэнію, працаваць зваршчыкам?

Калі пастанова суда, вынесеная 18 жніўня, не будзе абскарджаная ці апратэставаная, яна ўступіць у законную сілу ў дзень выхаду ў свет гэтага нумара газеты, у пятніцу, 28 жніўня.

Віталь ЮРЭВІЧ, намеснік пракурора Валожынскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.