У мінулы раз архітэктар і краязнаўца з Вілейкі Анатоль Капцюг расказваў чытачам пра духаў, што насяляюць хату. Тэма сённяшняга ўрока – “Духі – насельнікі сядзібы”.

А гутарка пойдзе пра Хлеўніка, Лазніка, Ёўніка і Кумяльгана.

Прыгледзьцеся да малюнка. Лазнік у дзядзькі Капцюга – дзядок з доўгай сівой барадой і густымі белымі вусамі. Апрануты ў белую саматканую кашулю і крыху караткаватыя порткі, ён стаіць у двары з драўляным цабэркам і венікам пад пахай. Хутчэй за ўсё ідзе ў лазню. Бачыце, з яе коміна ўжо ўецца дымок.

Лазнік любіць парыцца і мыцца. Робіць гэта, звычайна, апоўначы. І вельмі злуецца, калі хто-небудзь застаецца да гэтага часу ў лазні. Тады ён кідаецца з печы камянямі, намагаючыся параніць таго, хто асмеліўся парушыць яго спакой. А яшчэ палохае ненатуральным храпам, шыпеннем, віскам, стукам у сцяну. Жыве ён звычайна пад палком, а нагадвае вадзяніка.

Людзі старэйшага пакалення, відаць, не раз чулі пра штучкі гэтага духа. У некаторых вёсках да сённяшняга дня бытуе павер’е, што мыцца пасля 12 гадзін ночы ў лазні нельга. Гаварыла мне пра гэта калісьці і бабуля. Толькі пра Лазніка не ўспамінала. Проста казала, што той, хто ходзіць у лазню апоўначы, будзе хварэць.

Дзверы  хлява, дзе хутчэй за ўсё стаіць гаспадарскі конь, падпірае нейкая дзіўная істота. Гэта – Кумяльган. Паводле народных міфаў, злы дух у абліччы чалавека і каня. Беларусы ўяўляюць яго з чалавечым тулавам, пакрытым конскай шэрсцю, з такімі ж рукамі і нагамі, з конскай галавой і такімі ж капытамі на руках і нагах, і вераць, што ён ходзіць часам, як конь, на карачках, а часам, нібы чалавек, на задніх нагах… Прызначэнне яго – мучыць, псаваць, раніць коней; падмешваць у корм якую-небудзь атрутную расліну.

Нягледзячы на ўсе хітрыкі Кумяльгана, многія лічаць, што ён слабы. Інакш бы перадушыў усіх коней. А вось у тым, што гэты дух здольны на розныя выкрутасы, не сумняваюцца. Кажуць, што, забраўшыся ноччу ў хлеў альбо канюшню, ён па чарзе ўскоквае на кожнага каня і ўсяляк яго курчыць і мучыць. Баяліся нашы продкі гэтага духа і ў час начнога. Лічылася, што ён адводзіць з табуна па адным кані ў бок лесу і пакідае на з’ядзенне драпежным звярам.

Засцерагчыся ад гэтага духа вельмі цяжка. Ён падобны да каня і таму часта прабіраецца як у хлеў, так і ў табун незаўважана. Умее Кумяльган і пераўвасабляцца, прымаць масць каня якога-небудзь гаспадара. Таму чалавек сам можа адчыніць дзверы злому духу і запусціць у хлеў.

На двары, амаль побач з Кумяльганам, сілкуецца конь. Ля яго з драўляным вядром, напоўненым вадой, топчацца нейкі чалавек. Гэта яшчэ адзін дух сядзібы – Хлеўнік.

Кажуць, што калі ён упадабае гаспадароў, а таксама масць жывёлы, то будзе песціць і чысціць кожную скацінку, а коням нават заплятаць грывы і хвасты. А таксама насіць любімцам ваду хатнімі вёдрамі, цішком падхопленымі ў сенцах ці пад паветкаю, падкладваць паболей корму. Калі ж яго што-небудзь не задавальняе, то Хлеўнік, наадварот, кудлаціць, нават выдзірае жывёле шэрсць, грывы і хвасты, скручвае ў каўтуны, трывожыць уночы, гойсае да апошніх сіл на жывёле па хляве.

Ва ўсіх стасунках з жывёламі Хлеўнік застаецца нябачным і толькі зрэдку ўзнікае ў вобразе скурчанага, зморшчанага, худога чалавека: здаецца, нібы шкілет хлопчыка памясцілі ў скуру дарослага.
Менавіта такім убачыў яго ды паказаў нашым чытачам на малюнку і Анатоль Капцюг. Крыху прыгнуўшыся – відаць, вядро вельмі цяжкае і адцягвае рукі, – Хлеўнік нясе каню вады. Ён яго любіць, інакш бы так не тупаў вакол жывёліны і не даглядаў.

Выйшаў на вуліцу і Ёўнік, які звычайна туліцца ў сушні, дзе нязменна панура сядзіць у запечным куце альбо на рагу печы. Ён толькі зрэдку падыходзіць да акна, яшчэ радзей пераступае парог сушні, каб агледзець ток, склады снапоў, накіраваць ці адхіліць вецер, неабходны ў час веяння збожжа, паглядзець на малацьбу і тых, хто працуе ў ёўні. У тых выпадках, калі ў яго ўладанні заходзяць непатрэбныя людзі, дух палохае іх.

Лічыцца, што Ёўнік не баіцца ні агню, ні пажару. А калі апошні ўсё ж здараецца, залазіць у печ на абгарэлае бервяно і тут жыве, пакуль не адбудуецца новая ёўня, куды адразу і пераходзіць.
Ёўнік – чорны. Трэба меркаваць, ад пастаяннага дыму і сажы. Валасы ў яго ўскудлачаныя і толькі вочы гараць. Такі ж ён і на малюнку ў Анатоля Капцюга. І, здаецца, вядзе перамовы з Лазнікам. Можа, злезшы з печы, усё ж вырашыў памыцца?

Запісала Марына Сліж.