Антыядзерны дзень дзеянняў 23 жніўня правялі праціўнікі будаўніцтва атамнай электрастанцыі на Астравеччыне. Акцыя прайшла ў раёне мяркуемага будаўніцтва. У вёсцы Міхалішкі на мосце праз Вілію ў гэты дзень быў вывешаны вялікі транспарант: “Астравецкая АЭС? Дзякуй, не трэба!”
Антыядзерны дзень дзеянняў 23 жніўня правялі праціўнікі будаўніцтва атамнай электрастанцыі на Астравеччыне. Акцыя прайшла ў раёне мяркуемага будаўніцтва. У вёсцы Міхалішкі на мосце праз Вілію ў гэты дзень быў вывешаны вялікі транспарант: “Астравецкая АЭС? Дзякуй, не трэба!”

Актывіст Беларускай антыядзернай кампаніі, былы старшыня Варнянскага сельсавета, географ Мікалай Уласевіч у інтэрв’ю нашаму выданню паведаміў, што ў мерапрыемствах узялі ўдзел каля 20 чалавек. Падчас акцыі праціўнікі будаўніцтва АЭС распаўсюджвалі па Астравецкім раёне інфармацыйныя матэрыялы, у якіх гаворыцца пра недапушчальнасць размяшчэння станцыі на Астравеччыне.

“Мы хочам, каб людзі і ўлады ведалі: існуе іншае меркаванне наконт узвядзення станцыі, што ёсць тыя, каму дарагая экалогія Беларусі і будучае нашчадкаў, – кажа Мікалай Уласевіч. – Хачу падкрэсліць, што праціўнікі будаўніцтва – не толькі астраўчане. Гэта таксама эколагі з Мінска, Гродна і Масквы. Такіх людзей нямала, але, на жаль, абыякавых нашмат больш”.

Да правядзення Антыядзернага дня дзеянняў, па словах Мікалая Уласевіча, актывістаў падштурхнуў пачатак будаўніцтва новай мясцовай дарогі. Яе будуюць ад Полацкага тракту ў бок будучай пляцоўкі для АЭС. Мікалай Уласевіч адзначае: нягледзячы на тое, што афіцыйнае рашэнне аб выбары пляцоўкі яшчэ не прынятае, ужо пачалі ствараць інфраструктуру для электрастанцыі. І новая дарога – нішто іншае, як частка гэтай інфраструктуры.

Эколагі-праціўнікі будаўніцтва АЭС упэўненыя, што ўзвядзенне станцыі – эканамічна неабгрунтаваны праект. Калі работы па будаўніцтве будуць весціся на грошы Расіі, – станцыя, акрамя забруджвання навакольнага асяроддзя, стане яшчэ і вялікай даўгавой ямай для нашых нашчадкаў.

Насуперак афіцыйнай інфармацыі, паводле якой мясцовыя жыхары большасцю падтрымліваюць ідэю будаўніцтва АЭС, экалагічныя актывісты сцвярджаюць, што жыхары Астраўца, а таксама вёсак Міхалішкі, Гервяты, Валейкуны і Варняны супраць будаўніцтва.

Акцыя не застанецца разавай. Па словах Мікалая Уласевіча, актывісты Беларускай антыядзернай кампаніі плануюць і надалей арганізоўваць публічныя акцыі пратэсту і флэшмобы.

“На жаль, ладзіць акцыі па ўсёй Беларусі у нас няма ні сіл, ні сродкаў. Але па Гродзенскай вобласці мы іх будзем праводзіць. Гэта будуць салідарныя дзеянні ўсіх антыядзерных сіл Беларусі”, – падкрэсліў Мікалай Уласевіч.

Сяргей ЗЯНЬКО.
Фота забяспечана Таццянай НОВІКАВАЙ.