27 ліпеня 1985 года ў Маскве на стадыёне “Лужнікі” адбылося адкрыццё ХІІ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў. Сярод дэлегатаў было 56 прадстаўнікоў з нашай рэспублікі, сярод якіх і 9 маладзечанцаў.

Маладзечанцы (злева направа) Алена Вялюк, Ірына Літвін, Раман Чаплінскі, Тамара Кукала збіраюцца на ХІІ Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Маскву. Ліпень 1985 года.

“Гэты фотаздымак я зрабіў напярэдадні ад’езду маладых людзей у Маскву, – расказвае яго аўтар маладзечанец Аляксандр Салагуб. – На ім (злева направа) рабочая друкарні “Перамога” Алена Вялюк, выкладчыца музвучылішча Ірына Літвін, будаўнік Раман Чаплінскі і рабочая ЗСПВ Тамара Кукала”.

Стаяць дэлегаты на вуліцы ў засені дрэў. Чамусьці мне здаецца, што пад вішнямі. Настрой ва ўсіх хутчэй за ўсё нядрэнны. Усміхаецца Алена Вялюк, дэманструе сувенір з фестывальнай сімволікай Ірына Літвін. Па словах Аляксандра Салагуба, зрабіла ляльку, якая называлася “Кацюша”, рабочая фабрыкі мастацкіх вырабаў Алена Клямяціч. За што была таксама ўдастоена гонару быць на форуме.

На галаве ў Кацюшы карона з пяці пялёсткаў, кожны з якіх сімвалізуе колер аднаго з пяці кантынентаў зямнога шара.  Апранутая яна ў шырокі сарафан, на подале якога бачны некалькі слоў: “ХІІ-Масква”. Чамусьці мне здаецца, што стваральніца сувенірнай лялькі хутчэй за ўсё зрабіла надпіс накшталт: “ХІІ Сусветны фестываль – Масква”.
“Кацюша” была яго талісманам. Шматлікіх гасцей сустракала сімпатычная, усмешлівая, прыветная дзяўчына з ласкавым і знаёмым усім імем – Кацюша. Падобна алімпійскаму мядзведзю, яна стала вядомая ўсёй планеце.

Фестываль праходзіў з 27 ліпеня да 3 жніўня. Гасцямі яго былі 26000 чалавек з 157 краін свету. У палітычную праграму ўваходзілі пытанні ўстанаўлення новага міжнароднага эканамічнага парадку, абмяркоўваліся праблемы эканамічнай дапамогі адсталым краінам, барацьба з галечай і беспрацоўем і інш. Як і перад Алімпіядай-80, з Масквы выселілі ўсіх нядобранадзейных элементаў. Паліцы магазінаў завалілі прадуктамі, розным таварам, за якім зусім не было чэргаў.

Далёка не кожны камсамолец мог трапіць на фестываль. Кандыдатуры па некалькі разоў абмяркоўваліся, узгадняліся, удакладняліся. Удзельнікамі, як пісалі сродкі масавай інфармацыі, былі самыя перадавыя маладыя людзі, здольныя, цытую дакладна, “унесці свой уклад у барацьбу за мір, супрацоўніцтва, умацаванне дружбы паміж народамі. Кожны ўдзельнік свята зможа бліжэй пазнаёміцца з жыццём, справамі сваіх савецкіх равеснікаў, дасягненнямі нашай краіны”…

Амаль чвэрць стагоддзя аддзяляе нас ад той падзеі. Сёння можна па-рознаму трактаваць той форум, па-рознаму да яго адносіцца. Але ён быў і застанецца часцінкай нашай гісторыі, адзін з момантаў якой мы з вамі ўспомнілі дзякуючы вось гэтаму фотаздымку.

Марына СЛІЖ. Фота Аляксандра САЛАГУБА.