Дзвюх дзяўчынак шасці і шаснаццаці гадоў збіў нецвярозы вадзіцель аўтамабіля “Форд Сіера” на пешаходным пераходзе каля цэнтральнага ўваходу ў парк днём у пятніцу, 28 жніўня.
Здарэнне адбылося каля 15 гадзін, паведаміў у інтэрв’ю нашаму выданню дзяржаўтаінспектар Дзмітры Стасюлевіч. Інфармацыю для “РГ” Дзмітры перадаваў прама з бальніцы, куды адразу адвезлі пацярпелых. На момант інтэрв’ю, у 15.35, шасцігадовай дзяўчынцы ўжо зрабілі здымак траўмаванай нагі. У яе – пералом бядра.

 Шаснаццацігадовая дзяўчынка таксама атрымала траўмы і ёй аказалі медыцынскую дапамогу. Вядома таксама, што сярод іншых цялесных пашкоджанняў у абедзвюх пацярпелых закрытыя чэрапна-мазгавыя траўмы.

Інспектар спецыяльна для нашага выдання расказаў: дзяўчынкі пераходзілі дарогу на зялёнае святло святлафора. На левай паласе руху стаяла на чырвоным святле легкавая машына. “Форд” праехаў на забараняльны сігнал святлафора па правай паласе, збіў пешаходаў і пачаў уцякаць у бок Насілава.

Машына, якая стаяла на левай паласе, пачала праследаваць парушальніка. Як аказалася, за рулём сядзеў работнік міліцыі, у якога ў гэты дзень быў выхадны. Побач з ім – яго сябар. П’янага кіроўцу “Форда” мужчыны затрымалі ў Насілаве.

Больш падрабязную інфармацыю па здарэнні чытайце ў папяровай версіі “РГ” у пятніцу, 4 верасня.

Сяргей ЗЯНЬКО.