Два дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх адзін чалавек загінуў і адзін атрымаў цяжкія траўмы, адбыліся ў Маладзечне і раёне 23 і 24 жніўня.

Пешаход трапіў пад колы “Жыгулёў”

На Вялікім Гасцінцы, недалёка ад рэчавага рынка, вечарам 23 жніўня аўтамабіль ВАЗ-21063 збіў 58-гадовага пешахода, які пераходзіў праезную частку. Ад атрыманых траўм пацярпелы праз суткі памёр у рэанімацыйным аддзяленні бальніцы.

Дзяржаўтаінспектар Дзмітры Стасюлевіч паведаміў “РГ”, што здарэнне адбылося ў 21 гадзіну 10 хвілін. Шасцёрка “Жыгулёў” рухалася ў напрамку Мінска. Пешаход пераходзіў дарогу злева направа па ходу руху легкавушкі. Ад удару пацярпелы атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму і пералом чэрапа. Смерць наступіла 24 жніўня ў 23 гадзіны 30 хвілін.

Па папярэдніх дадзеных, 21-гадовы вадзіцель “Жыгулёў” быў цвярозым. У яго ўзялі кроў на наяўнасць у ёй алкаголю. Міліцыя па факце здарэння праводзіць праверку.

“БМВ” збіла веласіпедыстку

Каля вёскі Крыніца 24 жніўня ў 19.50 аўтамабіль “БМВ-530” збіў 57-гадовую веласіпедыску. З цяжкімі траўмамі жанчыну даставілі ў рэаніміцыю.

Паводле інфармацыі інспектара Дзмітрыя Стасюлевіча, “БМВ” ехала ў бок Маладзечна. Веласіпедыстка – перад машынай у спадарожным накірунку. Па словах вадзіцеля іншамаркі, яго асляпіла сонца, ён раптам убачыў толькі цень веласіпедысткі, а потым адчуў удар. У выніку наезду пацярпелая пенсіянерка атрымала цяжкую закрытую чэрапна-мазгавую траўму.