Не за гарамі першага верасня, дзень, калі школьны званок пакліча вучняў на ўрок. Аляксандр Салагуб прапануе паглядзець на фотаздымак і акунуцца ў 1983 год.

У той час для ўсіх вучняў была адзіная школьная форма: для хлопчыкаў касцюм і белая альбо блакітная сарочка, для дзяўчат – карычневая сукенка з белым каўнерыкам і такога ж колеру фартушок. Сучасныя дзеці скажуць: ну, і хадзілі ўсе як блізняты. Ніякага табе праяўлення густу, фантазіі. Я б, канешне, з імі паспрачалася. Бо, пакуль сын вучыўся ў школе, выпрабавала на сабе розныя эксперыменты. І свабодную форму адзення, і спецыяльную гімназічную, і дзелавы касцюм, які прыйшоў на змену апошняй.

Больш за ўсё ўрэзаўся ў памяць дзень 1 верасня 1997 года, калі мы першы раз прыйшлі ў першы клас. На ўрачыстай лінейцы школьнікамі ў той дзень выглядалі хіба што пачаткоўцы, якім мамы да спаднічак і штаноў набылі белыя, блакітныя альбо ружовыя кофты і сарочкі. Выпускнікі ж прыйшлі, хто ў чым. Адны дзяўчаты аддалі перавагу доўгім, да пят, сукенкам, у другіх былі карацейшыя, але з адкрытымі спінамі. Не лепш выглядалі і хлопцы. Усе, як адзін, у джынсах, каляровых байках альбо майках з надпісамі на ўсе грудзі. “Доўга свабодная форма адзення не пратрымаецца”, – падумала я тады пра сябе. І, як бачыце, мела рацыю.

На гэтым фотаздымку дзяўчынкі і хлопчыкі з сярэдняй школы №2 Маладзечна. Стаяць яны на ганку школы хутчэй за ўсё ўсім класам. Побач – класны кіраўнік. Строгі мужчына ў гальштуку і такім жа строгім касцюме. А за акулярамі – добрыя вочы ды бацькоўская ўсмешка на вуснах. Маўляў, не хвалюйцеся, дзеці. Усё ў нас будзе добра.

А яны, як бачыце, і не хвалююцца. Асабліва дзяўчынкі, што стаяць ў сярэдзіне першага рада. Не выключана, што гэтыя рагатухі крышку парушаюць дысцыпліну і на ўроках. А вось хлопцы, якіх фатограф пасадзіў на кукішкі, выгляд маюць важны, сур’ёзны і нават крыху змоўніцкі. Цікава, па колькі ім гадоў? Калі меркаваць па акцябрацкіх зорачках, што прышпіленыя на касцюмах і фартухах, то ўсе дзеці – вучні пачатковых класаў. А вось другакласнікі ці трэцякласнікі яны, здагадацца цяжка.

Вы пазналі на гэтым фотаздымку сябе, сваю сяброўку альбо суседку і можаце расказаць больш? Тады тэлефануйце. Напішам новую гісторыю. І назавём яе хаця б так: “Аднойчы, праз 26 гадоў…” Упэўненая, вам будзе што расказаць, калі не пра сябе, то пра сваіх аднакласнікаў, іх далейшыя лёсы. Былі ж у вас і выпускныя экзамены, і школьны баль, і ўступныя экзамены ў навучальныя ўстановы, пасля якіх вы сталі дыпламаванымі спецыялістамі. І яшчэ адзін першы званок на першы ўрок, калі павялі ў школу сваіх дзяцей.

Марына СЛІЖ.