Акцыю сярод міліцыянераў-донараў “Я выратую чыёсьці жыццё” правяло ў жніўні Міністэрства ўнутраных спраў. У Маладзечанскім аддзеле Дэпартамента аховы працуе ганаровы донар Сяргей Бажко, які за 13 з паловай гадоў здаў 110 літраў плазмы крыві.
Старшы інспектар-інжынер аддзялення сродкаў і сістэм аховы, старшы лейтэнант міліцыі Сяргей Бажко нават дакладна памятае дзень, калі ён першы раз прыйшоў на станцыю пералівання крыві – 23 студзеня 1996 года. Тады 22-гадовы мужчына ў аддзеле Дэпартамента аховы працаваў радавым міліцыянерам.

“Першы раз здаць кроў мне прапанаваў мой сябар, – успамінае Сяргей. – Я пагадзіўся. Зарплаты тады былі маленькія, а нашай маладой сям’і патрэбныя былі грошы. І ад таго часу два разы на месяц, па пятніцах, я наведваю станцыю пералівання. Гэта ўжо трывала ўвайшло ў прывычку”.

Зарплата, якую за месяц плацілі ў 1996 годзе маладому міліцыянеру, была эквівалентная прыкладна 30 доларам ЗША. А за кожную здачу крыві Сяргей Бажко атрымліваў беларускімі рублямі дзесьці 8-10 долараў. Кожны месяц у бюджэт сям’і паступала 16-20 долараў. Па тым часе гэта быў нядрэнны дадатак да зарплаты для Сяргея, яго жонкі і маленькай дачкі.

Выратоўвае чалавечыя жыцці Сяргей Бажко ўжо больш за 13 гадоў, наведаўшы за гэты час станцыю пералівання крыві амаль 200 разоў. Цяпер у месяц за гэта плацяць амаль 245 тысяч рублёў. Грошы, канешне, патрэбныя заўсёды, але ганаровы донар кажа, што ўцягнуўся ў гэтую справу. З’явілася нават нейкая псіхалагічная залежнасць і адказнасць. Сяргей ведае: два разы на месяц, па пятніцах, яго чакае прывычная ўжо працэдура.

“Гэта не фізічная залежнасць, – кажа Сяргей, – хлусяць тыя, хто сцвярджае, быццам бы “кроў бушуе”, донар ужо не можа спыніцца і не здаваць крыві. Ніякага дыскамфорту мой арганізм не адчувае”.

Здароўе за гэты час таксама не пагоршылася. Наадварот – у донараў увесь час бяруць аналізы крыві, перыядычна аналіз мачы. Атрымліваецца пастаянны кантроль стану здароўя. Калі раптам, не дай бог, узнікнуць нейкія праблемы з арганізмам, яны будуць выяўленыя на ранняй стадыі.

Пасля таго, як пару гадоў таму знялі амаль усе льготы для донараў, засталіся толькі дадатковыя выхадныя, якія не аплачваюцца, магчымасць пайсці ў адпачынак у любы час і прыбаўка да пенсіі. Дадатковымі выхаднымі Сяргей не карыстаецца, у адпачынак можна пайсці летам – гэта добра, а пра пенсію 36-гадоваму старшаму лейтэнанту міліцыі думаць яшчэ рана.

Як паведамілі “РГ” на станцыі пералівання крыві, у Маладзечне жыве і працуе каля 15 міліцыянераў-донараў.

Сяргей ЗЯНЬКО. Фота аўтара.