Матацыкл “Сузукі” ў пятніцу, 28 жніўня, на аўтадарозе Мінск–Маладзечна–Нарач каля вёскі Плябань сутыкнуўся з аўтамабілем “Фіят”. Матацыкліст загінуў.

Прэс-служба Мінскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў паведаміла нашаму выданню, што здарэнне адбылося каля 19 гадзін 05 хвілін. 29-гадовы матацыкліст – жыхар Вілейкі, пазбаўлены правоў кіравання на тры гады 16 сакавіка.

Сутыкненне здарылася, калі матацыкліст абганяў спадарожную машыну, што рухалася перад ім. Падчас абгону віляйчанін выехаў на паласу сустрэчнага руху, па якой насустрач за рулём “Фіята” ехала 38-гадовая мінчанка.

Аварыя скончылася трагічна. Ад атрыманых траўм віляйчанін памёр на месцы здарэння. Міліцыя ўзбудзіла крымінальную справу па другой частцы 317 артыкула – “Парушэнне правілаў дарожнага руху ці эксплуатацыі аўтадарожных транспартных сродкаў, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота забяспечана Дзянісам Лапатай.