Кіроўцу, які збіў дзяўчынак (глядзі тут), затрымалі неабыякавыя людзі.

Калаж “РГ”. Пры дапамозе камп’ютэрнай тэхнікі мы “вярнулі” “Форд Сіеру” на месца здарэння і паказалі яго шлях адразу пасля здарэння. Пасля таго, як вадзіцель збіў дзяўчынак, машына выскачыла на тратуар, крыху праехала па ім, пасля вярнулася на праезную частку, і парушальнік пачаў уцякаць.

Відавочцам і ўдзельнікам пагоні быў супрацоўнік крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі, лейтэнант Максім Бандарэнка. У інтэрв’ю нашаму выданню Максім расказаў: ехаў у аддзел каля паловы трэцяй гадзіны дня ў цывільным адзенні на сваёй машыне. Ля парку прыпыніўся на чырвоны сігнал святлафора ў левым радзе.

Дзяўчынкі пераходзілі на зялёнае святло ад парку ў бок плошчы. Яны амаль перайшлі дарогу, былі на праезнай частцы справа ад машыны Максіма. Раптам “Форд” па правым радзе, не спыніўшыся, збіў іх, выскачыў на тратуар, трохі праехаў па ім, вярнуўся на праезную частку, аб’ехаў адну з дзяўчынак, якая ляжала на дарозе, і пачаў уцякаць у бок Насілава.

Максім Бандарэнка паехаў за “Фордам”. Паводле яго слоў, парушальнік уцякаў свядома, праязджаючы ўсе перакрыжаванні на чырвонае святло. Лейтэнант міліцыі, разумеючы, што калі будзе спыняцца на святлафорах, згубіць “Форд” з віду, таксама пачаў парушаць правілы.

Падчас пагоні машыну Максіма, не зважаючы на чырвонае святло, абагналі аўтамабілі “Субару” і “Пежо”. У канцы вёскі Насілава вадзіцелі гэтых іншамарак прыціснулі “Форд” да абочыны і прымусілі спыніцца. Неўзабаве пад’ехаў Максім Бандарэнка. Мужчыны выцягнулі парушальніка з машыны і паклалі на зямлю.

“Ён быў відавочна п’яны, – кажа лейтэнант міліцыі, – адпіхваўся рукамі, рабіў выгляд, што нічога не разумее, толькі паўтараў, што не вінаваты”.

Цяпер вадзіцель “Форда”, 1963 года нараджэння, жыхар Смаргоні, арыштаваны і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Следства па ўзбуджанай крымінальнай справе вядзе следчы Маладзечанскага райаддзела міліцыі Дзяніс Лапата. У інтэрв’ю “РГ” ён сказаў, што вадзіцелі іншамарак, якія дапамаглі затрымаць парушальніка, у Насілаве не сталі чакаць работнікаў дзяржаўтаінспекцыі і паехалі. Сувязі з імі не засталося. Для следства іх паказанні неабавязковыя.

Як паведамляў нашаму выданню адразу пасля здарэння дзяржаўтаінспектар Дзмітры Стасюлевіч, які адвозіў дзяўчынак у бальніцу, у шасцігадовай пацярпелай закрыты пералом бядра і закрытая чэрапна-мазгавая траўма. У шаснаццацігадовай дзяўчынкі таксама закрытая чэрапна-мазгавая траўма, пашкоджанне калена і ранкі на целе. Гэта інфармацыя ад 28 жніўня змешчаная на нашым сайце rh.by.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота забяспечыў следчы Маладзечанскага РАУС Дзяніс ЛАПАТА.