У сямейны веласіпедны паход на радзіму пісьменніка Васіля Быкава, у вёску Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, схадзілі турысты турклуба “Пілігрым” у сярэдзіне жніўня.

Велатурысты маладзечанскага турклуба “Пілігрым” у сядзібе-музеі Васіля Быкава на яго радзіме ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, у гасцях ва ўдавы брата пісьменніка Антаніны Іванаўны Быкавай, якая загадвае музеем. Злева направа: Сяргей Бялкоў, Ганна Зенава, Валянціна Зенава, Яўген Трывашкевіч, Міхаіл Бандура, Антаніна Іванаўна Быкава, Дзмітры Роўны, Святлана Роўная, Ганна Шыманская, Лідзія Лаўранова, Вячаслаў Вянглоўскі.

Кіраваў паходам дырэктар “Пілігрыма” Сяргей Бялкоў. 11 дарослых і дзяцей з Маладзечна, Чысці і Мінска за восем дзён праехалі на веласіпедах больш за 350 кіламетраў.

Сяргей Бялкоў у інтэрв’ю “РГ” сказаў, што задума пабываць на радзіме Быкава ўзнікла год назад. Веласіпедысты, якія ходзяць у сямейныя паходы ад пачатку 1990 гадоў, неаднойчы праязджалі недалёка ад Бычкоў, у чатырох кіламетрах ад цэнтра сельсавета, вёскі Кублічы, але заехаць у Бычкі дагэтуль не атрымлівалася. І вось сёлета туды паехалі мэтанакіравана.

На цягніку даехалі да мястэчка Княгінін Мядзельскага раёна, там селі на веласіпеды. Далей маршрут паходу першай катэгорыі складанасці выглядаў наступным чынам: Княгінін – Мядзел – Паставы – Глыбокае – вёска Бычкі – вёска Гомель – Полацк. З Полацка ў Маладзечна вярнуліся на цягніку.

“Вельмі хацелася паглядзець азёры, – кажа Сяргей Бялкоў. – На нашым шляху кожны дзень сустракаліся па тры-чытыры возеры. Можаце сабе ўявіць: раніцай купаемся ў адным возеры, днём – у другім, вечарам – у трэцім. І, дзякуй богу, спрыяла надвор’е. Увесь паход было сонейка і цёпла. Тэмпература вады не апускалася ніжэй за 21 градус, а падымалася да 24”.

У Бычкі прыехалі на чацверты дзень. Старой бацькоўскай хаты Васіля Быкава даўно няма. Замест яе адбудавалі новую, такую самую, у тым самым выглядзе. Цяпер гэта сядзіба-музей, загадчыца ў якім – удава роднага брата пісьменніка Антаніна Іванаўна Быкава.

“Цікавая аб’ява вісіць прама ў акне музея, – расказвае Сяргей Бялкоў. – “Экскурсавод знаходзіцца ў хаце пад буслянкай – 300 метраў ад музея”. Антаніна Іванаўна – пенсіянерка. І ўвогуле, старыя ўсе ўжо ў вёсцы…”

Па словах кіраўніка “Пілігрыма”, адноўлены дом Васіля Быкава невялікі. Пераступаеш праз парог – адразу трапляеш у хату. Нічога кшталту веранды ці прыхожай няма. Далей праходзіш у невялічкую кухню, за ёй – жылы пакой, спальня.

Сяргей Бялкоў успамінае апошнюю кнігу Васіля Быкава “Доўгая дарога да дому”, дзе пісьменнік згадвае, што яго бацька адзін пабудаваў сваю хату за адно лета, цягаючы на сябе бярвенні”. Сядзіба-музей адкрыўся нядаўна, і экспазіцыя пакуль сціплая. Тут размешчаныя рэчы, якія захаваліся ад старой хаты: сталы, крэслы, лавы, жорны, ложкі.

Летам наведнікаў музея больш, чым зімой альбо восенню. Гэта – школьнікі, турысты, пісьменнікі. Часта прыязджае сюды Рыгор Барадулін. Сяргея Бялкова здзіўляе танны кошт білетаў у музей. Дарослы каштуе 300 рублёў, дзіцячы – усяго 100.

Калі Васіль Быкаў быў дэпутатам, да вёскі заасфальтавалі дарогу. Дзякуючы гэтаму дабірацца сюды зручна. Цэнтр сельсавета, да якога адносяцца Бычкі, – вёска Кублічы. Сюды будучы класік беларускай літаратуры хадзіў у школу. Антаніна Іванаўна Быкава расказвае, што і ў Кублічах цяпер моладзі ўжо няма. У вёсцы засталося каля 20 хат, у якіх дажываюць свой век пенсіянеры. Тут жыве толькі адна працаздольная сям’я. Людзі працуюць у мясцовым сельскагаспадарчым кааператыве.

Пасля Бычкоў, па дарозе ў Полацк, нашы велатурысты наведалі вёску Гомель, дзе размешчаны невялічкі мемарыяльны комплекс з ваеннымі дотамі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сяргей Бялкоў расказаў, што ў чэрвені-ліпені 1941 года савецкія салдаты тут 21 суткі стрымлівалі атакі фашыстаў. Амаль на месяц дарога на Віцебск для ворага была закрытая.

У чацвер, 20 жніўня, шчаслівыя і задаволеныя вандроўкай пілігрымаўцы цягніком Полацк–Маладзечна вярталіся дадому.

Сяргей ЗЯНЬКО.

 

Фота Надзеі КАРАКУЛЬКІ.