У кватэры аднаго з дамоў Маладзечна 1 верасня жонка ўдарыла свайго 41-гадовага мужа нажом у жывот, а 6 верасня жыхар вёскі Касцюшкі Красненскага сельсавета знайшоў у сваім агародзе міну.

Парэзала ад рэўнасці

Паводле інфармацыі Яўгена Беркутава, 1 верасня ў 0 гадзін 45 хвілін у дзяжурную часць міліцыі з раённай цэнтральнай бальніцы паведамілі, што ў бальніцу паступіў 41-гадовы мужчына з рэзанай ранай брушной поласці. Праз 45 хвілін пацярпелы памёр. Па заключэнні медыцынскай судовай экспертызы, смерць наступіла ад страты крыві.

Як высветлілі аператыўныя работнікі міліцыі, мужчыну парэзала яго жонка падчас сумеснага распіцця спіртнога. Жанчына прыраўнавала мужа, узяла нож і ўдарыла яго ў жывот.
Крымінальная справа ўзбуджаная па трэцяй частцы 147 артыкула Крымінальнага кодэкса — “Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці пацярпелага. Абвінавачаная змешчаная ў ізалятар часовага ўтрымання.

У прадаўшчыцы ўкралі кашалёк

Прадавец магазіна “Абажур”, які на вуліцы Чкалава, 2 верасня звярнулася ў міліцыю і заявіла: напярэдадні, 1 верасня, дзесьці ад 9.20 да 15 гадзін у яе невядомы ўкраў кашалёк, у якім ляжала 550 тысяч рублёў.
Супрацоўнікі экспертна-крыміналістычнага аддзялення райаддзела міліцыі ўстанавілі, што кашалёк украў 33-гадовы жыхар мястэчка Чысць, які нідзе не працуе і раней ужо быў судзімы за крадзеж.

Загінуў вадзіцель “Рэно”

У Маладзечне на вуліцы Янкі Купалы 3 верасня ў 18 гадзін сутыкнуліся аўтамабілі “Рэно-Лагуна” і “Таёта-Лэнд-Крузер”. У аварыі цяжкія траўмы атрымаў 26-гадовы вадзіцель “Рэно”. Траўмы аказаліся несумяшчальнымі з жыццём. У гэты ж дзень, у 22 гадзіны, малады мужчына памёр у бальніцы.

Падушкі бяспекі выратавалі жыццё 50-гадовага вадзіцеля “Таёты”, жыхара Мінска. Мужчына таксама быў дастаўлены ў бальніцу. Па папярэдніх дадзеных, у сутыкненні вінаваты кіроўца “Рэно”, які не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху.

Міна ў агародзе

Жыхар вёскі Касцюшкі Красненскага сельсавета 6 верасня ў 11 гадзін 20 хвілін падчас работы на сваім прысядзібным участку знайшоў 81-міліметровую мінамётную міну часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Міну ў 17.20 абясшкодзілі вайскоўцы групы размініравання вайсковай часці №5448.

Зводку здарэнняў, якія адбыліся за апошні тыдзень, падрыхтаваў для “РГ” памочнік начальніка райаддзела міліцыі Яўген Беркутаў.