Ніводнага беларускамоўнага першага класа не набралі сёлета гарадскія школы і гімназіі Вілейкі, Маладзечна, Мядзела і Валожына.

Больш за тое, першых класаў з беларускай мовай навучання няма і ў сярэдніх школах мястэчкаў: ні ў Крывічах Мядзельскага раёна, ні ў Івянцы Валожынскага, ні Красным Маладзечанскага. Самыя маладыя “беларусікі”-гараджане вучацца ў другіх класах. Праўда, кожны аддзел адукацыі можа пахваліцца цалкам беларускамоўнымі вясковымі школамі, але хіба могуць яны зраўнавацца па колькасці школьнікаў з гарадскімі? У не самай маленькай у рэгіёне Турэц-Баярскай СШ Маладзечанскага раёна – 199 вучняў, у не самай вялікай Вілейскай гімназіі №2 – 692 вучні.

 Летась прыйшлі вучыцца ў беларускамоўны клас СШ №9 горада Маладзечна і вучні Тамары Войнікавай. “Кожны год у нашай школе набіралі беларускамоўны клас, – расказала яна. – Большасць бацькоў маіх вучняў не былі супраць беларускай мовы навучання, але і не з вялікай радасцю паставіліся да гэтага”. Два “рускія” класы цалкам укамплектаваліся ўжо ў чэрвені. У 1“Б” вольныя месцы заставаліся, таму напярэдадні 1 верасня двух вучняў накіравалі туды. Але на бацькоўскім сходзе тата аднаго з іх быў катэгарычна супраць беларускай мовы, сказаў: “Ні за што!” Яго дзіця перавялі ў іншы клас.

 2“Б”, як і год таму, маленькі клас – 15 вучняў. Гэта мінімальна магчымая колькасць. У 2“А” і 2“В” вучацца адпаведна 20 і 21 чалавек. 2“Б” мае мастацкі ухіл: тут павялічаная колькасць урокаў выяўленчага мастацтва, ёсць і адпаведныя факультатыўныя заняткі. Усе ўрокі і дадатковыя заняткі, акрамя рускай мовы і літаратуры, вядуцца на беларускай мове. Вучням пачатковай школы па-беларуску цяжка размаўляць, асабліва ў першым класе. Іх бацькі таму і хваляваліся, што дома пераважная большасць размаўляе па-руску. У другім класе дзецям ужо трохі лягчэй – прывыклі. “Пасля ўвогуле не будзе цяжка, – лічыць Тамара Войнікава. – На бацькоўскіх сходах я прашу, каб хоць трошкі размаўлялі з дзецьмі па-беларуску, хоць пра элементарныя рэчы,  тады навучанне будзе ісці яшчэ лягчэй”.

 У саміх другакласнікаў няма негатыўнага стаўлення да мовы: у свае 7 гадоў яны яшчэ нічога не ведаюць пра моўную сітуацыю, якая склалася ў нашай краіне.

 З падручнікамі праблем, на якія спасылаліся ў некаторых школах рэгіёну, у СШ №9 няма. Навучанне тут ужо шмат гадоў вядзецца па-беларуску, таму падручнікаў хапае. Так што ў сярэдняй школе вучні 2“Б” будуць вучыцца таксама на беларускай мове.

 Дырэктар СШ №9 Вольга Лісоўская мяркуе, што ў наступныя некалькі гадоў набраць беларускамоўныя першыя класы не ўдасца. “Бацькі жадаюць толькі на рускай мове вучыць сваіх дзяцей. Так і кажуць: “Інакш мы пойдзем у іншую школу!” Яны маюць на гэта права, калі ёсць месцы. А месцы ёсць”, – расказала яна ў інтэрв’ю “РГ”. Бацькам, якія выберуць для навучання менавіта беларускую мову, на думку Вольгі Лісоўскай, будзе цяжка: каб адкрыць першы клас, трэба не менш за 15 чалавек.

 На думку старшыні “Таварыства беларускай школы” Алеся Лозкі, пра мову і культуру народа павінна клапаціцца дзяржава. “Самае галоўнае – беларусізаваць дзяржаву, – лічыць ён. – Адсюль пойдзе беларусізацыя школы і ўсіх сфер жыцця. Гадоў 10-15 таму 90%  школьнікаў Міншчыны навучаліся па-беларуску. Калі б гэты працэнт захаваўся, дзе б мы ўжо былі! А бацькі глядзяць, што робіцца наверсе: ці размаўляе на беларускай мове кіраўніцтва краіны, ці зацікаўленае ў ёй. Лідэраў, якія б паказвалі прыклад, былі рухавікамі грамадства, сярод бацькоў мала, але яны ёсць. Некаторыя нават судзіліся, змагаючыся за права вучыць сваё дзіця па-беларуску. На жаль, рашэнні прымаліся не на карысць бацькоў”.

 Святлана ЦІШКО. Фота аўтара.