Маладзечанскі правы паўабаронца Віталь Макрыцкі (злева) забіў Жлобіну гол на 53 хвіліне сваім фірменым парашутным ударам.

“Куслівай камандай” назваў Віталь Казяк праціўніка. У першым крузе ў гасцях нашы прайгралі з лікам 1:2. Жлобін для нас — сапернік нязручны. “Мы ведалі, што лёгка не будзе, — кажа трэнер, — таму настройваліся на гульню сур’ёзна”.

Ускладняла сітуацыю тое, што нашы хлопцы на мінулым тыдні ўдзельнічалі ў першынстве горада па міні-футболе, гуляючы кожны за сваё прадпрыемства, на якім працуе. Тыднёвы цыкл падрыхтоўкі быў крыху падарваны міні-футбольнымі матчамі на штучным газоне. Цяжка пасля іх выходзіць на натуральны газон вялікай паляны.

І ўсё ж ініцыятыва ад пачатку гульні належала гаспадарам. Рэалізуй мы адразу хаця б адзін з трох момантаў, якія мелі Яўген Курловіч, Аляксандр Грыхуцік і Сяргей Космач, — хто ведае, ці не паўтарылася б штосьці падобнае на супрацьстаянне ў мінулым туры з “Бярозай”, якое нашы выйгралі 4:1.
Але ўдар Курловіча парыраваў варатар, Грыхуцік прабіў вельмі слаба, і зноў жа ў галкіпера, а Космач таксама быў недакладны.

І тут ужо пачалася цяжкая вязкая гульня. А ў канцы першай паловы сустрэчы мы маглі нават прапусціць. І нават двойчы. У першым выпадку пагрозу адвёў абаронца Сяргей Дрозд, а ў другім каманду выручыў варатар Вячаслаў Камінскі.

Ад пачатку другога тайма “Маладзечна” зноў пачало шукаць подступы да варот гасцей. Вось толькі першы па-сапраўднаму небяспечны момант адбыўся ля нашых варот. Футбаліст “Жлобіна” на 51 хвіліне прабіў у перакладзіну.

Праз дзве хвіліны Віталь Макрыцкі зрабіў прыкладна тое самае, што ў гульні з “Бярозай”. Атрымаўшы перадачу ад Сяргея Корсака, Віталь акуратна перакінуў мяч праз галкіпера ў сетку варот — 1:0. А на 65 хвіліне моцна па варотах зарадзіў Сяргей Дараховіч, мяч трапіў у перакладзіну, ударыўся ў спіну галкіпера і адскочыў у вароты — 2:0.

“Пасля другога гола нам з Аляксандрам Гармазой здалося, што ўсё павінна быць нармальна, можна супакоіцца, — кажа Віталь Казяк. — Але на 71 хвіліне мы выкідвалі з-за бакавой, сапернік перахапіў мяч на нашым левым флангу, пайшла верхавая флангавая перадача, Макрыцкі не паспеў падстрахаваць сваю зону, і жлобінец галавой скараціў лік”.

Гульня зноў пайшла, як на арэлях, і ўсё ж маладзечанцы ў нервовай, валідольнай, як сказаў Казяк, канцоўцы здолелі ўтрымаць перамогу.
Як бы там ні было, мы ўзялі тры ачкі і пасля дзевятнаццатага тура ўзняліся з шостага на пятае месца турнірнай табліцы. Абышлі “Зорку-БДУ”, якая нечакана саступіла дома “Бярозе” з лікам 1:2.
Трэнерскі штаб ФК “Маладзечна” ўдзячны аддзелу фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама за дазвол праводзіць гульні чэмпіянату Беларусі ў другой лізе на гарадскім стадыёне, а не на полі ў Чысці. Начальнік аддзела Мікалай Шрымф асабіста прыняў рашэнне дазволіць “Маладзечну” гуляць дома, нягледзячы на парады Федэрацыі футбола ашчадна ставіцца да газона з-за правядзення ў Маладзечне міжнародных матчаў.

Віталь Казяк адзначае таксама, што работнікі стадыёна добра рыхтуюць поле для гульняў. Магчымасць каманды гуляць у Маладзечне — гэта магчымасць сабраць найбольшую колькасць балельшчыкаў, чыя падтрымка так патрэбная футбалістам.
Наступны, дваццаты, тур праводзім 13 верасня дома з “Оршай”. Каманда — аўтсайдэр чэмпіянату, які займае апошні радок у турнірнай табліцы. Нашым прыйдзецца забыцца пра гэта. “Мы не павінны недаацаніць саперніка, бо гэта можа дрэнна скончыцца. А ачкі трэба працягваць набіраць”, — сказаў Віталь Казяк.

Турнірная табліца*:
1. Рудзенск         48
2. Вертыкаль       37
3. Гарадзея         37
4. Асіповічы         30
5. Маладзечна     29
6. Зорка-БДУ       28
7. Слуцкцукар     26
8. Клечаск           26
9. Нёман             26
10. Жлобін          19
11. Лівадзія         18
12. Бяроза          17
13. Мясакамбінат 15
14. Орша            10
*”Слуцкцукар” і “Мясакамбінат” правялі на адну гульню менш.

Сяргей ЗЯНЬКО. Фота аўтара.